Набыло моц пагадненне аб узаемным бязвізавым рэжыме Беларусі і Кітая



10 жніўня набывае моц пагадненне паміж урадамі Беларусі і Кітайскай Народнай Рэспублікі аб узаемным бязвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў. Дакумент быў падпісаны ў Ціндао (КНР) 10 чэрвеня гэтага года.

Як раней паведамляў МЗС, пагадненне прадугледжвае, што грамадзяне адной дзяржавы змогуць уязджаць, знаходзіцца на тэрыторыі іншай дзяржавы без візы не больш за 30 дзён і не больш за 90 дзён у годзе. Калі грамадзяне адной краіны маюць намер знаходзіцца на тэрыторыі іншай дзяржавы больш за 30 дзён або пражываць, навучацца, займацца працоўнай, журналісцкай і іншай дзейнасцю, якая патрабуе папярэдняга дазволу ад кампетэнтных дзяржорганаў, адпаведная віза павінна быць аформлена загадзя.

На падставе пагаднення грамадзяне абедзвюх краін павінны ажыццяўляць уезд, выезд або транзіт толькі праз адкрытыя для міжнародных пасажырскіх зносін пункты пропуску дзяржавы іншага боку і пры ўмове выканання неабходных фармальнасцяў, прадугледжаных рэгламентамі кампетэнтных органаў гэтай дзяржавы.

Бакі пакінулі за сабой права адмовіць ва ўездзе на сваю тэрыторыю непажаданай або непрымальнай асобе іншага боку або спыніць знаходжанне такіх асоб на сваёй тэрыторыі без растлумачэння прычын.

Гэты год абвешчаны годам турызму Беларусі ў Кітаі. Беларусь стала адной з першых краін у Еўропе, якія падпісалі падобнае пагадненне з КНР. У 2017 годзе Беларусь наведалі больш за 3,2 тысячы арганізаваных турыстаў з Кітая, што амаль у два разы больш, чым у 2016 годзе. Як адзначыў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў 25 мая ў інтэрв’ю кітайскаму агенцтву Сіньхуа, па гэтым паказчыку госці з Кітая ўпершыню абышлі турыстаў з Германіі і Ізраіля, якія традыцыйна навеждваюць Беларусь. „Больш падарожнікаў прыязджае толькі з краін, з якімі ў нас ёсць агульная мяжа”, — падкрэсліў Кабякоў.

belapan.by