Уладзімір Кавалкін: дапамагаем палепшыць жыццё
У Гародню для стварэння петыцыі па вырашэнню праблем мікрараёна Ласосна-4 завітаў кіраўнік праекту “Зручны Горад” Уладзімір Кавалкін. На думку грамадскага актывіста, усе праблемы можна вырашыць на мясцовым узроўні.
Кажа Уладзімір Кавалкін:
– Імкнемся перадаць той вопыт, які назапасілі ў Менску, мясцовым актывістам у Гародні. Для чаго мы гэта робім? Каб гарадзенскія актывісты больш зладжана, больш метадычна маглі дамагацца патрэбных вынікаў. Пад патрэбнымі вынікамі мы разумеем упарадкаванне горада. Сёння мы абмяркоўвалі пытанне будаўніцтва асфальтаванай дарогі, якой няма, і таму тут стаіць пылюка, у якой гуляюць дзеці. Таксама ўсталяванне знака жылой зоны. І будаўніцтва “ляжачых паліцэйскіх”, каб засцерагчы ад бяды гэтых дзяцей.
Уладзімір Кавалкін упэўнены, што дзякуючы петыцыям магчыма вырашыць розныя сацыяльныя праблемы.
– Калі паглядзець на нейкія грамадскія абмеркаванні, або сустрэчу грамадзян з мясцовай уладай, то ўсе, хто сабраўся, штосьці выкрыкваюць, штосьці патрабуюць, але сфармуляваць сваю праблему і прапанаваць, чаго яны хочуць – не могуць. Мы за гэтыя некалькі гадоў навучыліся самі фармуляваць гэтыя праблемы і рашэнні, і навучаем людзей – не наладжваць балаган на сустрэчах, не рабіць балаган са зваротаў, а пісаць дакладна, па справе, пісаць пісьменна, прыводзіць патрэбныя аргументы і спасылацца на заканадаўчыя акты, для таго, каб максімальна хутка вырашыць гэтую праблему.
Ужо цягам бліжэйшых дзён павінна з’явіцца петыцыя па ўпарадкаванні мікрараёна Ласосна-4 да абласных уладаў Гародні.
Беларускае Радыё Рацыя