Алесь Бяляцкі лічыць прычыну затрыманняў журналістаў смяхотнай
Праваабаронца Алесь Бяляцкі лічыць фармальную прычыну апошніх затрыманняў журналістаў у Беларусі смяхотнай і звязвае пераследы з маючымі адбыцца выбарамі. Пра гэта праваабаронца расказаў у інтэрв`ю тэлеканалу „Настоящее время”.
„Насамрэч мы цудоўна разумеем — ёсць старая такая савецкая прыказка, што можна” прыкалупацца” да сталба. Вось цяпер гэта і адбываецца, калі ўлада, добра падрыхтаваўшыся (у першую чаргу гэта спецслужбы, я ў гэтым упэўнены), пачалі аперацыю па запалохванні незалежнай журналісцкай супольнасці ў Беларусі”, — адзначыў Бяляцкі.
„Звычайна ў нас гэта адбываецца напярэдадні нейкіх вялікіх грамадска-палітычных падзей. Я асабіста гэта звязваю з тым, што ў наступным годзе ў Беларусі пройдуць парламенцкія, а, магчыма, і прэзідэнцкія выбары. І вось гэтая кананада называецца „агонь па інфармацыйных незалежных крыніцах”, яна пачалася ўжо цяпер”, — сказаў праваабаронца.
Бяляцкі падкрэслівае, што фармальная прычына затрымання смяхотная. „Гэты артыкул (арт. 349 КК РБ „Несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі”) у нас практычна ніколі не ўжываўся ў Крымінальным кодэксе, ён быў мёртвым, па меншай меры, такіх выпадкаў мы не ведаем. І зараз мы бачым, як амаль дзесяцёх журналістаў затрымалі на трое сутак, прычым практычна ўсе яны дзяўчыны, жанчыны, і тут таксама ёсць такі пэўны момант”, — звярнуў увагу праваабаронца.
На яго думку, нягледзячы на тое, што сам артыкул адносіцца да разраду так званага лёгкага, задача ўлад, вядома ж, — пасеяць страх, паніку ў журналісцкім асяроддзі і прымусіць уключыцца ўнутранага цэнзара ў тых журналістаў, якія працуюць у Беларусі. „І, вядома ж, у рэдактараў, таму што ў прыцэле гэтых рэпрэсій на другім плане знаходзяцца рэдактары ці ўладальнікі інфармацыйных агенцтваў”, — адзначыў Бяляцкі.
„Нездарма Юрыя Зісера, уладальніка TUT.BY, выклікалі на допыт у Следчы камітэт. І мне здаецца, што вельмі верагодна, што другая серыя гэтага незразумелага фільма, які мы зараз глядзім, можа тычыцца непасрэдна саміх галоўных рэдактараў або ўладальнікаў інфармацыйных агенцтваў”, — прадоўжыў праваабаронца.
„У 2017 годзе пачаўся актыўны прэсінг на незалежных журналістаў. Дзясяткі адміністрацыйных спраў за працу на карысць незарэгістраваных мас-медыя ў Беларусі сведчаць пра гэта. Тое, што мы бачым сёння, зараз, гэта проста пік гэтага сігналу ўсёй журналісцкай супольнасці з боку ўлад. Прычым сігналу подлага і сігналу незаконнага, сігналу, які парушае міжнародныя абавязацельствы беларускіх улад, узятых на сябе, у плане гарантыі на распаўсюджванне інфармацыі ў Беларусі”, — падкрэсліў Алесь Бяляцкі.
Апошнія пераследы журналістаў у Беларусі звязаны з так званай справай БелТА, распачатай на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі). Пакараннем можа быць штраф, арышт на тэрмін ад трох да шасці месяцаў або абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў.
У рэдакцыях незалежных СМІ, а таксама ў некаторых журналістаў і рэдактараў прайшлі вобыскі. Многія рэдактары і журналісты былі дапытаныя і затрыманыя на розныя тэрміны, некаторыя — на некалькі сутак. Перад вызваленнем з іх узялі падпіску аб неразгалошванні.
Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы і ЗША.