Журналіст Яўген Скрабец будзе бараніць свае правы ў Лунінецкім судзе



Журналіст Яўген Скрабец, які супрацоўнічае з нашым Беларускім Радыё Рацыя, паедзе на суд у Лунінец, каб бараніць сваё канстытуцыйнае права на збор і распаўсюд інфармацыі. Яго вінавацяць па артыкуле 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі:

– Я збіраюся ехаць на суд і даказваць свой пункт гледжання. Буду сам бараніцца. Пасля кансультацый з юрыстамі Беларусакай асацыяцыі журналістаў выпрацавалі стратэгію абароны, але буду бараніцца сам. Бо як паказвае практыка, калі па гэтым артыкуле спрабуюць прыцягнуць журналістаў, то хутчэй за ўсё вынік будзе непаспяховы для абароны – суд пакарае штрафам. І дадатковых выдаткаў на адваката таксама не хацелася б мець. Але буду даказваць сваю невінаватасць на падставе артыкулаў Канстытуцыі, якія дазваляюць збіраць інфармацыю, і тлумачыць, што рабіўся матэрыял мною як фрылансерам.

Cуд па справе Яўгена Скрабца пройдзе ў Лунінцы 15 жніўня. У гэты ж дзень у Бярозаўскім судзе за працу без акрэдытацыі будуць судзіць журналістку-фрылансера Тамару Шчапёткіну, таксама за супрацу з нашым Беларускім Радыё Рацыя.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя