Дзесяць год пасля…



Прайшло дзесяць год пасля расейска-грузінскага ваеннага канфлікту. Някепская кропка адліку, каб паглядзець і прааналізаваць, што памянялася з таго часу ў Грузіі, Расеі, ды ўвогуле ў сусветнай палітыцы. Расея па-ранейшаму называе тую вайсковую аперацыю “прымусам Грузіі да міру” (чым-чым, а палітычнай рыторыкай расейскія дыпламаты авалодалі дасканала), Грузія называе менш паэтычна, проста вайной, або анексіяй.

За дзесяць год у Грузіі змянілася палітычнае кіраўніцтва. Той яе прэзідэнт, Міхаіл Саакашвілі, паспеў за гэты час пабываць і ўкраінскім палітыкам, і апальным палітыкам як у сябе на радзіме, так і ва ўсё той жа Украіне, грамадзянства якой яму падарыў сам Пётар Парашэнка і сам жа і адабраў, і кім толькі ён не пабываў пасля гэтага. У Расеі ж тагачасны прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў стаў прэм’ерам, а прэм’ер Уладзімір Пуцін прэзідэнтам.

На першы погляд у расейскага тандэма жыццё значна больш сумнае і непрыкметнае, чым у іх грузінскага супраціўніка дзесяцігадовай даўніны, але ж не будзем спяшацца з высновамі. І для расейскіх палітыкаў гэтыя дзесяць год не прайшлі выключна ў глыбокіх роздумах пра тое, хто быў праў, а хто не ў той вайне, ды філасофскім асэнсаванні сваіх дасягненняў або памылак. Расея за гэты час павялічыла сваю тэрыторыю за кошт Крыма, уратавала начальніка Сірыі Башара Хафеза аль-Асада і замацавалася на яго тэрыторыі вайсковымі базамі, была выключаная з васьмёркі галоўных эканомік свету, стала галоўным суб’ектам многіх міжнародных скандалаў, узяла пад кантроль самаабвешчаныя рэспублікі на ўсходзе Украіны і нарэшце дасягнула таго, што яе прызналі ўсё ж такі магутнай ядзернай дзяржавай, якая аказваецца можа папсаваць жыццё ўсім тым, каму ўдалося тое жыццё зрабіць больш-менш спакойным. Калі захоча, канешне. І здаецца і хоча, і можа. Ну што ж, таксама весела.

Еўразвяз за гэты час таксама добра “павесяліўся” і павесяліў іншых. Яго пакінула Вялікая Брытанія. Узамен прыйшла вялікая колькасць мігрантаў з цёплых краёў, у тым ліку і з Сірыі. Чаму сірыйцы ўцякаюць ад вайны ў Еўропу а не ў Расею, якая ратуе іх кіраўніка, тлумачыць не трэба. І так усё ясна. Чаму Еўропа не ставіць пра гэта пытанне перад Расеяй – застаецца загадкай. Але калі першапачатковая рыторыка еўрапейскіх палітыкаў пра звычайныя чалавечыя памкненні дапамагчы ўцекачам перарасла ў словазлучэнне “эміграцыйны крызіс”, адчуванне весялосці не павялічылася. І зараз у еўрапейцаў новая ўнутраная забава, як і куды, па якіх краінах старэнькай Еўропы рассяліць гэтых людзей, як быццам гэтыя людзі ў іх пра тое пытаюцца.

Што тычыцца Грузіі і Крыма ды вайны на ўсходзе Украіны, то тут Еўразвяз выказаўся на дзіва адназначна. І гэта больш за ўсё і напалохала. Бо гаварыць адназначна ў сённяшняй палітыцы практычна ніхто ўжо не ўмее. А тут выказаліся. Ды хто? Сама нязменны ўжо чатыры кадэнцыі канцлер самай вялікай эканомікі Еўразвязу Ангела Меркель. Таму адразу пачалі грызці сумневы і нейкія галасы нашэптваць на вуха пытанне: “А дзе тут падвох?”. Хутка адказ выплыў сам па сабе. Як кажа старая мудрасць, калі не зразумела пра што размова, то размова пра грошы. Галоўная эканоміка Еўразвязу Германія выказала сваё адназначнае абурэнне дзеяннямі Расеі, нават падтрымала нейкія эканамічныя санкцыі, нават некалькі расейскіх дыпламатаў выгнала і, не спыняючы набраных абаротаў, хіба каб не зніжаць тэмпу, пачала ўкладваць разам з той Расеяй газавыя трубы найвялікшага эканамічнага праекта “Паўночны струмень-2”. Балазе рабочых рук для абслугоўвання гэтага праекту спадарыня канцлер у Еўропу запрасіла дастаткова.

У Амерыцы таксама сумаваць не прыходзіцца. Ліберальная прэса вінаваціць свайго прэзідэнта ў тым, што ён выконвае свае перадвыбарныя абяцанні! І пра разрыў дамовы з Іранам, і пра спробу пабудаваць сцяну, і пра… Якая розніца пра што? Гэта перадвыбарчыя абяцанні! Як могуць СМІ… Дарэчы пра прэсу! У Беларусі чарговы раз затрыманыя журналісты… Затрыманні носяць маштабны характар. Скандал сусветнага значэння… Журналісты Беларусі чакаюць на рэакцыю свету. Але, зыходзячы з вышэй напісанага, можна скласці дакладны прагноз далейшых падзей. У Еўропе нейкі час паабураюцца…

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ