У жніўні Зэльва адзначыць 760-годдзе
Юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 760-х угодкаў гарадскога пасёлка Зэльва пачнуцца ў чацвер, 23 жніўня.
У гэты дзень у Зэльвенскай раённай бібліятэцы адбудзецца навуковая канферэнцыя “Гістарычная спадчына Зэльвы – погляд з сучаснасці”, у якой прымуць удзел навукоўцы, краязнаўцы, бібліятэкары і настаўнікі.
У пятніцу, 24 жніўня, на Зэльвенскім вадасховішчы адбудуцца раённыя спаборніцтвы аматараў рыбнай лоўлі “Рыбаловы”, а таксама першынство Гарадзенскай вобласці па лоўлі рыбы летняй вудай.
У цэнтральным скверы Зэльвы яе жыхары і госці пасёлка пазнаёмяцца з фотагалерэяй знакамітых землякоў Зэльвеншчыны “Алея землякоў”, з выставай-конкурсам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сярод арганізацый і ўстаноў пасёлка “Творчая фантазія”. У гэты дзень адбудзецца і раённы пленэр-конкурс “Эцюды Зэльвеншчыны”.
А на стадыёне “Колас” аматары спорту паглядзяць футбол паміж камандамі Зэльвы і адной з аматарскіх каманд Польшчы.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва