Андрэй Бастунец: Улады спрабуюць узяць пад кантроль інфармацыйную прастору



Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец у размове з карэспандэнтам Беларускага Радыё Рацыя Генадзем Барбарычам прааналізаваў гучную справу БелТА.

Нібыта супрацоўнікі некалькіх недзяржаўных СМІ несанкцыянавана заходзілі на інфармацыйную стужку Беларускага тэлеграфнага агенцтва. Улады напоўніцу выкарысталі сітуацыю і правялі вобшукі як у офісах СМІ, так і ў кватэрах некалькіх журналістаў. Адбыліся і затрыманні. 

РР: Зараз затрыманых журналістаў ужо вызвалілі. Колькі ўвогуле чалавек прайшлі праз затрыманні?

Андрэй Бастунец: Затрымана дакладна было 9 чалавек. Гэта 5 рэдактароў і журналістаў з TUT.BY, двое — з інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, яшчэ двое, якія раней супрацоўнічалі з газетай „Беларусы і рынак”. Артыкул, па якім яны былі затрыманы, увогуле не прадугледжвае ўтрыманне пад вартай, як меру стрымання. Дазваляецца толькі затрыманне на 3 сутак. Канешне, можна ўмоўна дапусціць, што потым да іх могуць быць прымененыя іншыя артыкулы. Але па гэтым артыкуле 72 гадзіны гэта скрайні тэрмін.

РР: Чаму ўлады пайшлі на такі скандал?

Андрэй Бастунец: Я думаю, тут сышліся два фактары, — часовы і звычайны. Звычайны — гэта тыя дзеянні, якія прадпрымае беларуская дзяржава для таго, каб узяць пад кантроль інфармацыйную прастору, і ў першую чаргу інтэрнэт-прастору, з чым мы сутыкаемся кожны дзень, пачынаючы з пачатку году і нават крыху раней. Гэта блакаванне „Беларускага партызана”, блакаванне „Хартыі’97”, потым крымінальная справа супраць генеральнага дырэктара БелаПАН Алеся Ліпая, потым унясенне зменаў у заканадаўства аб СМІ, якія шматкроць павялічваюць дзяржаўны кантроль за інтэрнэт-прасторай. А зараз — уварванні ў офісы вядучых інтэрнэт-рэсурсаў Беларусі, затрыманні журналістаў на падставах, якія ўвогуле не вытрымліваюць крытыкі. Бо артыкул 349 (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі…), на мой погляд, не супадае з тым, у чым падазраюць журналістаў. Артыкул накіраваны супраць хакераў. У ім гаворка ідзе пра несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі. Але ўваход на інфармацыйную ленту БелТА ажыццяўляўся не шляхам узлома, а праз пароль. А пароль — гэта ёсць санкцыя. Іншая справа, як чалавек гэтым паролем завалодаў. Але гэта ўжо іншы артыкул, а магчыма, нават і не крымінальны артыкул,  а грамадзянска — прававая спрэчка. Але мы бачым, што махіна ўлады накінулася на незалежныя рэсурсы. Па сродках, якія выкарыстоўваюцца, мы можам зразумець, што мэты, якія пераследуюцца, не тыя, якія зараз нам называе Следчы камітэт.

Другі складнік, пра які я казаў на пачатку, часовы, — гэта тое, што зараз лета. Думаю, што ў ініцыятараў справы было ўражанне, быццам усе замежныя партнёры Беларусі, міжнародныя структуры, палітыкі, дэпутаты, кантралёры, журналісты — ўсе сышлі ў адпачынак і можна проста і спакойна зрабіць гэты налёт, як кажуць, без пылу і шуму. Але высветлілася, што не. Я ўжо не памятаю, калі была такая рэакцыя, як зараз. Можа, толькі ў 2010 і 2011 годзе. Аказалася, што за намі назіраюць, за намі сочаць, з намі працуюць. І не ўсе сышлі ў адпачынак і ёсць каму адгукнуцца, працягнуць руку дапамогі ці выказацца супраць гэтых дзеянняў Следчага камітэту”.

РР: Па настроі заходніх партнёраў, — наколькі далёка яны могуць пайсці? Толькі словы, ці могуць зноўку вярнуцца да санкцый?

Андрэй Бастунец: Я не думаю, што сёння пытанне пра санкцыі можа быць актуальным. Думаю, што яно пройдзена ў 2016 годзе і да таго, каб да яго вярнуліся, патрэбна, каб адбыліся  вельмі сур’ёзныя рэпрэсіі і ціск. Але тое, што ўжо давер да прадстаўнікоў беларускай улады, які і без таго быў не самы вялікі, зараз, падчас перамоваў на самых розных пляцоўках падае, гэта сто адсоткаў. І тое, што нашыя запрашэнні інвестараў у краіну і расповеды пра „IT-краіну”, яны таксама крыжам накрываюцца, гэта можна абсалютна спакойна прагназаваць.

РР: Як вы расцэньваеце рэакцыю праўладных, дзяржаўных СМІ, якія раздзьмулі проста хвалю пра „крадзёж” інфармацыі са стужкі БелТА. Прычым хвалю з такім абвінаваўчым ухілам. Хаця суду яшчэ не было, віна не даказаная, а высунуты толькі падазрэнні. Але для дзяржаўных СМІ ўжо ўсё ясна — вінаватыя. А гэта хіба не парушэнне закону?

Андрэй Бастунец: Я хачу звярнуць увагу, што не толькі дзяржаўныя СМІ, нават Следчы камітэт на сваім сайце ў першы ж дзень напісаў, што да „злачынства” маюць дачыненне пэўныя структуры. Хаця факт гэтага злачынства яшчэ не пацверджаны судом. І тут Следчы камітэт парушыў прэзумпцыю невінаватасці. Тое ж самае тычыцца і дзяржаўных медыяў. Але я не думаю, што хтосці з нас меў пэўныя ілюзіі на іх конт і на тое, што яны будуць зараз праяўляць салідарнасць і выказвацца ў абарону сваіх калег. Я нават у прыватных размовах журналістаў дзяржаўных СМІ такога пакуль што не чуў і не быачыў. Магчыма, я памыляюся, магчыма, нехта і выступаў ад свайго імя. А дзяржаўныя СМІ проста яшчэ раз паказваюць, што з’яўляюцца несамастойнымі вінцікамі і калёсікамі дзяржаўнай ўладна-бюракратычнай машыны.

РР: З’явілася інфармацыя, што для ўвахода на гэтыю інфармацыйную стужку БелТА выкарыстоўвайся код, які належаў „Советской Белоруссии”. Ці не кажа гэта аб магчымасці правакацыі?

Андрэй Бастунец: Не, я думаю, гаворка ідзе аб іншым. Ужо калі разглядаць справу з гэтага пункту гледжання, то мы можам сказаць, што прэтэнзіі „Советская Белоруссия” магла высоўваць да тых, хто карыстаўся яе паролем. Ці БелТА магла вылучаць прэтэзіі да „Советской Белоруссии”. І гэта, паўтаруся, хутчэй грамадзянска — прававая справа, чым крымінальная. Не буду казаць слова „правакацыя”, але бачна, што ўлады выкарысталі гэтую справу, каб атрымаць пэўную інфармацыю аб недзяржаўных СМІ, перашкодзіць працы медыяў і гэтак далей.

РР: Мабыць улады разлічвалі на „бліцкрыг”, каб хутка разабрацца з няўгоднымі СМІ за жнівень, пакуль, па іх меркаванню, большасць палітыкаў Еўразвязу ў адпачынках. Але, відавочна, што справа зацягнецца.

Андрэй Бастунец: Я не магу сказаць, што слова „бліцкрыг” тут падыходзіць. Я думаю, што хутчэй ставіліся іншыя мэты, — гэта трымаць пад ціскам і пад кантролем незалежныя медыі, дамагацца, каб журналісты прытрымліваліся самацэнзуры. Тое, што ціск ёсць — гэта сто адсоткаў. Гэтая справа дазваляе прыйсці з ператрусам да кожнага, кожнага затрымаць. А потым распавядай, што ты ўвогуле на БелТА ніколі не заходзіў. Камп’ютар ёсць, і ты ўжо можаш быць падазраваным па гэтай справе.

РР: Вы кантактуеце з прадстаўнікамі шматлікіх недзяржаўных медыяў. І што можаце сказаць, — наколькі гэты ціск дасягнуў мэтаў?

Андрэй Бастунец: Панічных настрояў няма. Людзі працуюць, выказваюць падтрымку сваім калегам, якія апынуліся пад ціскам. Усё робіцца дзеля таго, каб ні праца сродкаў масавай інфапмацыі не пацярпела, і каб была магчымая дапамога аказана тым, хто трапіў пад „колы” пераследу. Гэта не першае выпрабаванне, якое праходзяць беларускія незалежныя медыі і журналісты за гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі. І я упэўнены, што яны яго пройдуць абсалютна так жа годна, як і раней.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя