Пра фатальную каўбасу



Хабар хабару розніца. Вось калі гэта бутэлька не самага лепшага каньяку і каўбаса, то можна і тэрмін атрымаць. А калі гаворка ідзе пра катэдж за некалькі сотняў тысячаў даляраў у прэстыжным раёне, то ніхто нічога не заўважыць.

Дырэктар аднаго з сельгаспрадпрыемстваў атрымаў ажно чатыры гады калоніі за хабар. Інфармацыя не зацікавіла б, калі б не памер хабару. Увогуле каго толькі ў нашай краіне не саджалі за хабар. А чыноўнікі ўсё роўна працягваюць нахабна яго браць. Пасля чаго хтосьці атрымлівае турэмны тэрмін, а хтосьці падвышэнне. Гэтым разам хабар сапраўды ўражвае. Гаворка ідзе не пра нейкія там тысячы даляраў. А ўсяго толькі пра каньяк, тры палкі каўбасы і каробку цукерак. Калі вы думаеце, што гаворка ідзе пра нейкі элітны каньяк з дваццацігадовай вытрымкай, бельгійскія цукеркі ды італьянскую каўбасу, то памыляецеся. Сума хабару склала ўсяго 45 рублёў 56 капеек. То бок старшыня саўгаса можа сесці на чатыры гады за каньяк беларускага разліву, беларускую каўбасу з дадаткамі і недарагія цукеркі з бліжэйшай крамы. Старшыні саўгаса тэрмін, відаць, разлічвалі так: за кожныя дзесяць рублёў – адзін год. Вось і атрымалася, за 45 рублёў – чатыры гады.

Затое адзін высокапастаўлены чыноўнік атрымаў участак пад дом у прэстыжным раёне, дзе зямля без пабудовы каштуе 400-500 тысячаў даляраў. Потым гэты чыноўнік на свой сціплы заробак пабудаваў там катэдж на 400 квадратаў. І ўсё ў парадку: тэрмін не атрымаў, працуе далей. Так што, няправільны “падарунак” патрабаваў дырэктар саўгаса. Трэба было не каньяк і тры палкі каўбасы, а адразу паўмільёна даляраў. Глядзіш, тады б і не сеў. А так цяпер будзе з-за 45 рублёў чатыры гады ў калоніі сядзець.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ