Аляксандр Лаўрэнцьеў: Ведаючы нашыя суды, у мяне не было ніякай надзеі



Сябра аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Лаўрэнцьеў з Гародні, які быў аштрафаваны за нібыта арганізацыю і правядзенне масавага мерапрыемства 3-га ліпеня, не здолеў абараніць сябе ў судзе Гарадзенскай вобласці.

Паказальна, што суд першай інстанцыі прыняў паказанні міліцыянтаў Ганчарова, Тоўсьціка і Пацуя, якія ў цывільным затрымалі актывіста і былі сведкамі ў судзе, і не прыняў хадайніцтва Лаўрэнцьева пра далучэнне відэазапісу затрымання і далучэння паказанняў сведкаў з яго боку. Суддзя абласнога суда Аляксандар Кóзел цалкам падтрымаў рашэнне Кастрычніцкага суда. Кажа Аляксандар Лаўрэнцьеў:

– Ведаючы нашыя суды, надзеі ў мяне не было ніякай. Таму што рука руку мые, суддзя суддзю не аспрэчыць. Па тых паклёпніцкіх сведчаннях міліцыянтаў пра тое, што я іх штурхаў, гэта не так. Што я супраціўляўся, я таксама з гэтым не згодны. І чаму я мушу прасіць дазвол у гарвыканкама для размяшчэння майго ж фотаздымка на сваёй старонцы?

Паводле суддзі Козела, Аляксандр Лаўрэнцьеў, выставіўшы свой фотаздымак у сацыяльнай сетцы Фэйсбук, апрануты ў арэстанцкую робу і з плакатам „Беларусь – краіна для жыцця” – ажыццявіў акцыю пікетавання. Суддзя спаслаўся на артыкул 2  “Закону аб масавых мерапрыемствах” і публікацыю ўласнага фотаздымка актывіста расцаніў як пікет і масавае мерапрыемства. Кажа Аляксандр Лаўрэнцьеў:

– Я ў судзе згадзіўся толькі з тым, што гэта сапраўды мая старонка. І гэта мой фотаздымак. Мяне ў судзе спыталі, для якіх мэтаў я зрабіў гэты здымак. Я адказаў, што для сябе, сябрам паказаць, якая ў мяне прыгожая вопратка і які прыгожы плакат я намаляваў. У той момант, калі мы выйшлі, мы нічога не парушылі. Мы толькі выйшлі з пад’езда. Нават нічога не зрабілі. Гэта яны ўжо ў РАУС хуценька “накапалі” гэты здымак.

Цяпер Аляксандр Лаўрэнцьеў плануе накіраваць скаргу ў пракуратуру і Вярхоўны суд, бо не згодны з абвінавачваннем, не прызнае бесстароннасць суда, і ўважае, што яго грамадзянскія правы парушаны людзмі ў цывільным са зброяй, якія гвалтоўна затрымалі яго 3-га ліпеня ля пад’езда яго кватэры.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара