„Камяніца-2018”: абвешчаны лайн-ап галоўнай сцэны



Арганізатары фестывалю «Камяніца з Банкам БелВЭБ» абвясцілі поўны спіс артыстаў, якія выступяць 1 верасня на галоўнай сцэне.

Мерапрыемства адбудзецца на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо, у 4 кіламетрах ад аўтарынка «Малінаўка».

Юбілейная, дзясятая па ліку,  «Камяніца» збярэ на адной сцэне выканаўцаў, якія ўжо сталі сімваламі беларускай музыкі, прычым не толькі ў фолк-галіне. Гледачоў чакаюць выступы гурта сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса», этна-трыа «Троiца», рок-музыкі Лявона Вольскага (у дуэце з Паўлам Аракелянам), а таксама галоўнага беларускага лірыка Змітра Вайцюшкевіча разам з WZ-Orkiestra. Замежнымі гасцямі фестывалю будуць фолк-калектывы Joryj Kloc (Украіна) і «Тесто» (Расея). Гучны фінал забяспечыць каларытны беларускі фолк-метал гурт Trollwald (былы Litvintroll).

Мы робім усё, каб гэты фестываль стаў найлепшым за дзесяць гадоў па ўсіх параметрах: ад артыстаў да забаў і фудкорта. Каб усім гасцям – і дарослым, і дзецям – было цікава і камфортна. Запланавана некалькі сцэн, шмат розных пляцовак і прыгожых выступаў, – кажа каардынатар фестывалю Алег Пашак.

Квіткі на «Камяніцу» ў папярэднім продажы і ў першую гадзіну фестывалю каштуюць 15 рублёў (да 13:00 1 верасня). Пасля – 20 рублёў. Школьнікам і студэнтам – ільготы. Продаж на сайце і ў касах Kvitki.by, а таксама ў офісе Музея народнай архітэктуры і побыту ў Менску.

Адрас: вул. Кальварыйская д.17, к.614. Час працы: з 10:00 да 16:30.

Фестывальная пляцоўка адчыніцца 1 верасня ў 11:00. Музычная і забаўляльная праграмы стартуюць ў 12:00. Гледачы ў поўных версіях нацыянальных строяў (ад галаўных убораў да пасуючага абутку) праходзяць бясплатна. Інфалінія: (033) 661-14-32, (017) 209‑41-63.

Арганізатары «Камяніцы з Банкам БелВЭБ» прымаюць заяўкі на ўдзел у фестывальным кірмашы і забаўляльнай праграме. Перавага надаецца праектам, якія працуюць у беларускім кантэксце. Заяўкі трэба дасылаць да 25 жніўня на адрас [email protected] з апісаннем, прыкладамі і кантактамі.

Беларускае Радыё Рацыя