Алег Сянцоў назваў свой стан перадкрытычным
Праваабаронца Зоя Светава наведала зняволенага ў калоніі горада Лабытнангі ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, які працягвае трымаць галадоўку.
Светава расказала RTVI, што Сянцоў назваў свой стан „перадкрытычным”.
Палітвязень знаходзіцца зараз у чатырохмясцовай палаце. Там лекары ставяць яму кропельніцы з жывільнай сумессю. Светава адзначыла, што „дактары калоніі, якім Сянцоў давярае, робяць, што могуць рабіць, але не даюць ніякіх прагнозаў”.
„Адвакат казаў, што яму робяць кропельніцы і даюць жывільную сумесь, якую ён прымае. Але гэта сітуацыя, якая не можа ўратаваць яму жыццё”, – адзначыла праваабаронца.
Светава расказала „МБХ медиа”, што Сянцоў „пераважна ляжыць”. Ён расказаў, што схуднеў на 17 кілаграмаў, хутка стамляецца і перыядычна яго турбуюць болі ў сэрцы. Светава дадала, што стан украінскага рэжысёра мяняецца цягам дня, а лекар прагнозаў не рабіў, але рэкамендаваў спыніць галадоўку. У Сянцова могуць перастаць працаваць унутраныя органы. Светава сказала таксама, што Алег Сянцоў не намераны спыняць галадоўку. Ён трымае яе ўжо 93 дні.
Беларускае Радыё Рацыя