Кніга пра самы стары ў Беларусі аэрадром



Гісторык Зміцер Кіенка падрыхтаваў да друку кнігу, якая распавядае пра гісторыю самага старога ў Беларусі аэрадрому. Кніга прысвечана Кароліну, які знаходзіцца недалёка ад Гародні.

Кажа Зміцер Кіенка:

– Гэта адзіны аэрадром на тэрыторыі Беларусі, які як з’явіўся ў 1912 годзе, так і існуе да сённяшняга дня. Ніколі не перарываў сваёй працы. Былі невялікія перапынкі, якія звязаныя з яго занядбанасцю, але туды заўсёды мелі магчымасць садзіцца самалёты. На ім былі два разы палякі, два разы немцы. У Першую сусветную, Другую сусветную вайну. Палякі ў час савецка-польскай вайны 1920 года, а потым у міжваенны перыяд. Адзіная на тэрыторыі Беларусі эскадрылля памежных войск.

Гісторык упэўнены, што тэрыторыя аэрадрома мусіць быць занесена ў экскурсійныя маршруты і не павінна быць забудавана:

– Існуе верагоднасць, што адзіны ў Беларусі аэрадром “Каролін”, які існуе амаль 100 год, можа быць забудаваны, бо горад пашыраецца. Вельмі не хацелася б, каб гэта адбылося. Насмрэч гэта ўнікальны для Беларусі аб’ект, які трэба ўключыць як мінімум у гістарычныя маршруты. Побач знаходзіцца чацвёрты форт. Таксама сам аэрапорт звязаны з Першай сусветнай вайной, там адбываліся цікавыя падзеі, якія ў нашай кнізе адлюстраваны.

Навуковец мяркуе, што кніга будзе цікава шырокаму колу чытачоў.  

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня