А можа, так і трэба?



Брытанцы любяць паразмаўляць пра надвор’е, французы – пра палітыку (і не на кухнях – сапраўдны француз нават у халады сядзіць у вулічнай кавярні!), а беларусы – што любім мы? Пакрытыкаваць!

Прычым “паправіць” трэба ўсё ды ўсіх. Крытыкуе кіраўнік дзяржавы, звальняючы міністраў… Крытыкуюць пенсіянеры (пераважна маладых, але найбольш – малыя пенсіі…) Крытыкуюць блогеры – каго і за што? Нагода заўжды знойдзецца, бо хто сказаў, што няма ў нас праблемаў, пра якія варта паразмаўляць? Іх шмат.

Возьмем дрэвы. Знішчэнне зялёных насаджэнняў у сталіцы – па справе і не па справе! – даўні боль горада-героя Менска. Вось і цяпер у тэлеграм-канале #МотолькоПомоги: Минск з’явілася фота, дзе ствалы дрэваў пафарбавалі ў зялёны колер. Важная фішка – дрэвы пафарбавалі ў тым раёне, дзе візіт кіраўніка дзяржавы не быў запланаваны. У адным са сталічных унутраных дворыкаў траву пакінулі ў спакоі, а вось дрэвы пафарбавалі. Дзіўныя рэчы ў свеце адбываюцца! Але насамрэч усё было не так… У прыватнасці, дырэктарка фірмы, адказнай за тэрыторыю, зазначыла: дрэвы пафарбавалі спецыяльным саставам у мэтах змагання са шкоднікамі. Маўляў, спадар Матолька, спіце спакойна! Разам з падпісчыкамі. Не ўсё так дрэнна, як падаецца на першы погляд.

Хто б яшчэ растлумачыў у пазітыўным рэчышчы наступнае. Чаму ўклады беларусаў у валюце скарачаюцца, а ў беларускіх рублях стабільна растуць. Статыстыка Нацбанка за ліпень-2018. З серыі “Можа, так і трэба?”

Беларускае Радыё РАЦЫЯ