Расея закрывае праект „Паўднёвы паток”
Расея не можа ў цяперашніх умовах працягваць рэалізацыю праекта „Паўднёвы паток”.
Пра гэта заявіў прэзідэнт краіны Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі ў Анкары пасля перамоваў з прэзідэнтам Турцыі. Пуцін адзначыў, што Балгарыя дагэтуль не дала дазволу на будаўніцтва.
„Праект закрыты”, – перадае ВВС словы кіраўніка „Газпрама” Аляксея Мілера.
Пры гэтым Масква мае намер пашырыць супрацоўніцтва ў нафтагазавай сферы з Турцыяй. Яна хоча пабудаваць трубу такой жа магутнасці, як „Паўднёвы паток”, праз Чорнае мора ў Турцыю.
Раней новы ўрад Балгарыі прыняў рашэнне прыпыніць рэалізацыю праекта на сваёй тэрыторыі. Італія таксама заявіла, што „Паўднёвы паток” больш не з’яўляецца для яе прыярытэтам.
Пуцін адзначыў, што з-за свайго выбару Балгарыя недаатрымае сотні мільёнаў еўра ў год.