Рым. Віла Альдабрандзіні
Напрыканцы ХV стагоддзя фларэнційскія герцагі Медзічы выкрылі чарговую змову супраць сябе. Частку змоўнікаў пакаралі смерцю, частка ўцякла. Сярод уцекачоў быў і юрыст Сальвестра Альдабрандзіні, які перабег у Рым. Тагачасны Папа не любіў Медзічы, і паставіўся да выгнанніка прыязна: прыняў на службу і падараваў землі ў Вечным Горадзе і за яго мяжой.
Месір Альдабрандзіні збудаваў на Квірынальскім узвышшы невялікі палац. Палац перабудоўваўся, цярпеў ад пажараў і землятрусаў, разбураўся, пакуль не ператварыўся ў суцэльную руіну. Руіну засыпалі зямлёй, а наверсе стварылі парк, які ў памяць пра былога гаспадара і дагэтуль называецца Віла Альдабрандзіні.
Цяперашняя Віла Альдабрандзіні – невялічкі аазіс у цэнтры Рыма, пра які мала хто ведае. Апельсінавыя дрэвы, копіі антычных статуй, акуратныя алейкі і фантанчык з халоднай вадою. Далёкія закуткі парка ўпадабалі бамжы. Дармавая вада з фантана, дармовая садавіна на дрэвах, выдатныя краявіды наўкол, плюс – свежае паветра і адчуванне датычнасці да гісторыі роднага горада. Што яшчэ трэба для шчасця?
[Not a valid template]
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя