Лукашэнка ўзнагародзіў Кадырава ордэнам Дружбы народаў



Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў „за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне дружалюбных адносін і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Чачэнскай Рэспублікай”.

Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведаміла 16 жніўня прэс-служба кіраўніка краіны.

Кадыраў упершыню наведаў Менск 25 верасня 2017 года. „Я прэзідэнта Лукашэнку паважаю. І не толькі я. Ён карыстаецца вялікай павагай на Каўказе, у Расіі. Гэта дзяржаўны дзеяч, які ведае, што хоча яго народ, і дамагаецца гэтага. Гэта ўсе бачаць!” — заявіў тады кіраўнік Чачні.

На яго думку, ад палітыкі ЗША і іх саюзнікаў пацярпелі мільёны людзей у Лівіі, Афганістане, Сірыі, Іраку і іншых краінах. „Я ўпэўнены, тое ж самае было б і ў вас, калі б не Аляксандар Рыгоравіч. Ён валявы, дальнабачны, паслядоўны ў сваіх дзеяннях палітык. Ён карыстаецца велізарным даверам свайго народа. Таму на вашай зямлі пануюць мір і дабрабыт, рэспубліка квітнее”, — сказаў Кадыраў.

belapan.by