У Беларусі каля 10% камп’ютараў могуць быць падпарадкаваны зламыснікам



Паводле папярэдніх ацэнак, каля 10% усіх камп’ютарных прылад у Беларусі заражаныя і могуць быць падпарадкаваны зламыснікам, заявіў на круглым стале 16 жніўня ў мінскім прэс-цэнтры Sputnik былы супрацоўнік Следчага камітэта Аляксандр Сушко, які цяпер кіруе праектам у міжнароднай кампаніі Group-IB, якая займаецца прадухіленнем і расследаваннем кіберзлачынстваў.

Паводле яго слоў, прыкладна кожная дзясятая прылада ў краіне заражана ботнетам — скрытна ўстаноўленай аўтаномнай праграмай, якая дазваляе зламыснікам выкарыстаць рэсурсы заражанага камп’ютара для рассылання спаму, перабору пароляў і атак.

„Гэта значыць, што вы ўсе свае даныя аддаяце злачынцам, якія гэты ботнет арганізавалі, — сказаў эксперт. — Злачынца можа кіраваць вашым камп’ютарам, які знаходзіцца ў ботнеце. Ён можа пасылаць запыты ад вашага камп’ютара ў сусветную сетку, выходзіць на пэўныя сайты і ўчыняць злачынства „.

Высокую ступень заражанасці прылад шкоднаснымі праграмамі Сушко звязвае з нізкім узроўнем інфармацыйнай бяспекі ў карыстальнікаў, якія не ўстанаўліваюць антывірусы, у тым ліку на мабільных прыладах. „Яны нават не ведаюць, што ў любую секунду імі могуць кіраваць зламыснікі”, — растлумачыў ён.

Органу крымінальнага пераследу, няхай гэта будзе МУС ці Следчы камітэт, становіцца вядома пра злачынства, толькі калі карыстальнік сам выявіць наяўнасць шкоднаснага праграмнага забеспячэння на сваім камп’ютары.

„Пасля выяўлення карыстальнік вырашае сам, ці звяртацца яму ў праваахоўныя органы. Не звяртацца — гэта таксама яго права, на сённяшні дзень па заканадаўству ніхто не абавязаны паведамляць пра такое злачынства”, — адзначыў эксперт.

belapan.by