Гародня: У “Цудоўні” распавядалі пра падарожжа на Палессе
У гарадзенскай “Цудоўні” адбылася прэзентацыя “Клубу падарожнікаў”. Першымі прадставілі сваё падарожжа на Беларускае Палессе гарадзенскі доктар і палітык Уладзімір Пруднікаў, які падарожнічаў некалькі дзён па Беларусі з грамадскай актывісткай з Польшчы Катажынай Рамбэзай.
Пра свае ўражанні ад падарожжа кажа Уладзімір Пруднікаў:
– Цікавае Палессе перш за ўсё сваім выглядам, драўляным дойлідствам, сваімі аздобамі, колерамі. І канешне, сваёй непаўторнай прыродай. Багнамі, якія сёння, на жаль, наўсцяж перапаханыя меліярацыйнымі канавамі, але бачна, якія вялізныя тэрыторыі яны некалі займалі.
Для Катажыны Рамбэзы падарожжа на Палессе было як вандроўка ў загадкавую краіну.
– Я адчувала там нейкую містычную атмасферу. Асабліва ў Альманах, гэта ўжо амаль Україна. Там адчуваеш нейкія патаемныя часткі сваёй душы, тое, што ў горадзе не адчуваеш. Мяне яшчэ ўразіла гаспадарлівасць людзей. Вельмі задбаныя, прыгожыя вёскі. Адчуваецца, што людзі разумеюць, што гэта іх зямля.
Вандроўнікі ўжо ў бліжэйшыя дні збіраюцца ў новае падарожжа па Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя