Лукашэнка: Людзі павінны адчуваць, што ў Аршанскім раёне пачалася рэвалюцыя



Аляксандр Лукашэнка 17 жніўня на спецыяльнай нарадзе заслухаў прапановы аб кадравых прызначэннях ва ўрадзе, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

„Для працягу нашай размовы ў Аршанскім рэгіёне ў частцы кадравых прызначэнняў і перасоўванняў я спецыяльна папрасіў, і трое сутак Адміністрацыя прэзідэнта разам з кіраўнікамі парламента, старшынёй Камітэта дзяржкантролю працавалі над унясеннем тых кандыдатур, якія павінны быць унесеныя згодна з маім даручэннем па прызначэннях ва ўрадзе і ў сувязі з заменай некаторых службовых асоб. Як і дамаўляліся, сёння Наталля Іванаўна (Качанава) праінфармуе пра ўзгодненую або няўзгодненую пазіцыю па гэтых пытаннях”, — заявіў Лукашэнка.

„Я ведаю, што былі праведзеныя кансультацыі з грамадскімі арганізацыямі і іншымі. Думаю, што я таксама паслухаю іх меркаванне перад тым, як прызначаць новых членаў урада і іншых службовых асоб. Ясна, што сёння мы разгледзім некаторыя кандыдатуры, якія прапаноўваліся вамі і былі рэкамендаваныя мною для разгляду”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Афіцыйны лідар звярнуў увагу, што „ёсць нядрэнныя паслы, якія атрымалі пэўны вопыт працы”. „І вельмі нават добрыя кандыдатуры з ліку дыпламатычнага корпусу. Паслухаем меркаванне і міністра замежных спраў у частцы прэзентаваных кандыдатур з дыпкорпусу”, — сказаў ён.

„Спектр кандыдатур досыць шырокі, і давайце мы гэтыя кандыдатуры разгледзім. Але пытанне трэба вырашаць не зацягваючы, каб не дапусціць некантраляванага развіцця некаторых, перш за ўсё негатыўных, працэсаў у эканоміцы. Хоць я не хачу драматызаваць сітуацыю. Міністры на месцах, ведамствы працуюць, губернатары на месцы. Кіравальнасць у нас проста не можа быць страчаная”, — заявіў Лукашэнка.

На нараду акрамя кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай, міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, кіраўнікоў абедзвюх палат парламента Міхаіла Мясніковіча і Уладзіміра Андрэйчанкі запрошаныя старшыня КДБ Валерый Вакульчык, кіраўнік КДК Леанід Анфімаў, начальнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Андрэй Паўлючэнка. „Каб потым не было размоў: тыя, не тыя кандыдатуры. Натуральна, што яны кантралююць сваімі ведамствамі антыкарупцыйны складнік службовых асоб кадравага рэестра прэзідэнта. Калі ў іх ёсць нейкія пытанні па кандыдатурах, якія будуць абмяркоўвацца, яны выкажуць”, — кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама „звярнуў увагу на пэўную тэндэнцыю і меркаванні людзей, якія заўважае па публікацыях у інтэрнэце, СМІ, дакладах спецслужбаў”. „Вось, усё правільна робіць прэзідэнт: трэба гэтых чыноўнікаў ледзь не вешаць, раздзіраць і разарваць. Гэта няправільнае разуменне людзьмі маіх дзеянняў. І я ўжо даручаў вам, Наталля Іванаўна (Качанава), і тым, хто працуе цяпер у Оршы: пад напружанне павінны быць пастаўленыя ўсе — ад нелюбімых чыноўнікаў (яны гэтага заслугоўваюць, людзі тут маюць рацыю), але людзям трэба паглядзець і на сябе, перш чым кагосьці асуджаць. У Оршы, па-мойму, з гэтым у нас ёсць праблемы, як і па ўсёй краіне”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Таму, падкрэсліў Лукашэнка, ён і даручыў забяспечыць асаблівы рэжым функцыянавання і кіравання Аршанскім раёнам. „Пакуль мы там з балота будзем вылазіць і выводзіць на нармальны ўзровень развіцця прадпрыемствы і сацыяльную інфраструктуру, увесці асаблівы рэжым кіравання ў Аршанскім рэгіёне. Гэта значыць кожны, пачынаючы ад звычайнага чалавека, павінен быць напружаны гэтак жа, як кіраўнікі прадпрыемстваў і адпаведныя структуры ўлады. Людзі павінны адчуваць, што там пачалася, вобразна кажучы, рэвалюцыя і варушыцца трэба ўсім, у тым ліку звычайным людзям”, — дадаў ён.

Як паведамлялася, 14 жніўня ў Оршы (Віцебская вобласць) адбылася нарада з удзелам Лукашэнкі, на якой ён рэзка раскрытыкаваў урад за невыкананне яго даручэнняў і прыгразіў кадравымі зменамі ў Саўміне. Паводле вынікаў нарады ў адстаўку былі адпраўленыя міністр прамысловасці Віталь Воўк, а таксама міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны.

belapan.by

Фота ria.ru