Колькі каштуе сабраць вучня да школы ў Глыбокім



Ад 150 да 900 рублёў сёлета, па падліках чыноўнікаў, спатрэбіцца выдаткаваць бацькам, каб сабраць дзіця ў школу. Асноўныя пакупкі да школы звычайна робяцца ў жніўні. Менавіта на гэты месяц прыпадаюць школьныя кірмашы. Але, па словах гандляроў з Глыбокага, людзі пачалі закупацца нават з чэрвеня, бо не ўсе могуць адразу ў адзін месяц выдаткаваць такія грошы.

– Ужо з чэрвеня яны пачалі паціху купляць. Хтосьці пакідае на потым, хтосьці яшчэ ў адпачынку, хтосьці яшчэ дзесьці адпачывае. Таму чакаем. У людзей няма грошай, людзі падыходзяць, пытаюцца пра цэны і робяць свой выбар, дзе каму і што купляць.

– Людзі ў асноўным бяруць больш таннае. Тое, што больш каштуе, бяруць рэдка, у асноўным тыя, у каго добрыя заробкі.

Бацькі, якія прыйшлі набываць школьныя прылады, адзенне і абутак у Глыбокім, кажуць, што яны, сапраўды, эканомяць. Але ўсё ж раяцца наконт пакупак са сваімі дзецьмі і стараюцца ўлічваць іх густ.

– На школьныя прыналежнасці выдаткавалі 45 рублёў. Заплечнік – 40 рублёў. Спадніцы, нагавіцы, відаць, больш 100 рублёў. Нам яшчэ засталося набыць белую блузку.

– У нас з мінулага году засталася некаторая вопратка. Недзе мы выдаткавалі на новы навучальны год разам з прыналежнасцямі каля 300 рублёў.

– Пакуль яшчэ толькі знаёмлюся, колькі што каштуе. А потым буду вырашаць, каб не так дорага і каб падабалася дзіцяці.

У Менску ды іншых буйных гарадах гандлёвыя прадпрыемствы арганізавалі продаж па зніжаных цэнах, распродаж і аплату тавараў школьнага асартыменту ў крэдыт і растэрміноўку.

Таму некаторыя глыбачане едуць разам з дзецьмі ў сталіцу ды іншыя гарады, каб набыць больш танны і якасны тавар.

Таццяна Смоткіна