Мікола Салянік аштрафаваны на 25 базавых адзінак
Мікола Салянік, старшыня гарадзенскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, аштрафаваны на 25 базавых адзінак. Суддзя Кастрычніцкага суда Таццяна Гергель прызнала яго вінаватым паводле артыкулаў 23.34 і 23.4 (парушэнне парадку і арганізацыі масавых мерапрыемстваў і непадпарадкаванне законнаму распараджэнню альбо патрабаванню пасадовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў).
Суд доўжыўся больш 4-х гадзінаў. Апрача сведкаў – міліцыянтаў, якія ажыццяўлялі затрыманне абвінавачанага, былі па хадайніцтву Міколы Саляніка далучаныя сведкі з яго боку, але сітуацыі на яго карысць гэта не змяніла.
Кажа Мікола Салянік:
– Здзівіла тое, што факты, відэа, аўдыя запісы суддзя не прымае. А прымае тое, што кажа супрацоўнік міліцыі ці іншы супрацоўнік. Вельмі шкада тых людзей, якія будуць прымаць рашэнне. Бо крыўдна за дзяржаву. Я сябе не шкадую.
Паказальна, што суд прайшоў праз паўтары месяцы пасля нібыта адміністрацыйнага правапарушэння па двух артыкулах кодэксу. За гэты час, як паведамілі з міліцыі, відэарэгістратар аўтаматычна зацёр запіс затрымання Міколы Саляніка. Бо час захавання відэаматэрыяла – 30 дзён.
Кажа Сяргей Верамеенка, які аказаўся сведкам грубага затрымання Міколы Саляніка.
– На маю думку, гэта не суд, а гэта абсурд. Замест таго каб высвятляць сапраўды што адбывалася, суддзя чапляецца, круціць, шукае такія пытанні, якія могуць заблытаць сведкаў. Здавалася б, вельмі проста задаволіць хадайніцтва аб праглядзе відэа. На гэтым відэа бачна ад пачатку да канца, як адбывался затрыманне. Але замест гэтага суддзя прапануе якіясць фотаздымкі, на каторых сфатаграфаваныя людзі без формы, і на гэтай падставе яна сцвярджае, што яны нібыта прадставіліся.
Па хадайніцтву Міколы Саляніка суддзя Таццяна Гергель пагадзілася далучыць да разгляду справы відэаматэрыял, які зафіксаваў затрыманне Міколы Саляніка і Аляксандра Лаўрэнцьева. Але гэта не змяніла рашэнне пра адміністрацыйны штраф.
Нагадаем, іх затрымалі асобы ў цывільным са зброяй ля дома, дзе пражывае Лаўрэнцьеў 3 ліпеня сёлета. На судовым паседжанні высветлілася, што абвінавачаны Мікола Салянік падчас дасудовага разбіральніцтва адмовіўся азнаёміцца з пратаколамі, якія былі на яго складзены міліцыяй.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя