У студзені-ліпені рост рознічнага тавараабароту запаволіўся да 9,6%



Рознічны тавараабарот у студзені—ліпені 2018 года склаў 24,8 млрд рублёў, або на 9,6% больш у супастаўных цэнах да ўзроўню студзеня—ліпеня 2017 года, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Для параўнання: рознічны тавараабарот у першым паўгоддзі 2018 года склаў 21 млрд рублёў, або на 9,9% больш да ўзроўню першага паўгоддзя 2017 года. Такім чынам, за месяц тавараабарот знізіўся на 0,3 працэнтнага пункта.

Аднадзённы рознічны тавараабарот у разліку на душу насельніцтва ў студзені—ліпені склаў 12,3 рубля супраць 11 за аналагічны перыяд папярэдняга года.

Рознічны тавараабарот арганізацый гандлю, на які прыпала 89% рознічнага тавараабароту, дасягнуў 22,1 млрд рублёў (на 11,9% больш у супастаўных цэнах).

За сем месяцаў гэтага года аптовы тавараабарот склаў 51,9 млрд рублёў (+ 6,7%), тавараабарот арганізацый грамадскага харчавання — 1,3 млрд (+ 12,7%).

У мінулым годзе рознічны тавараабарот склаў 39,2 млрд рублёў, або на 3,8% больш у супастаўных цэнах, чым год раней. У 2016-м ён скараціўся на 4,2%. У студзені 2018 года тавараабарот вырас на 9,5%, у студзені-лютым — на 9,8%, студзені-сакавіку — на 9,7%, студзені-красавіку — на 9,8%, студзені-маі — 10,1%.

Як лічыць сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў, значнага росту рознічнага тавараабароту у 2018 годзе не адбудзецца. „Рост рознічнага тавараабароту звязаны з дырэктыўнымі намаганнямі па росце заработнай платы, асабліва ў дзяржаўным сектары эканомікі. Заданні па росту заробкаў былі даведзены да ўсёй вертыкалі ўлады. Зарплата вельмі туга, але дзе-нідзе павялічвалася”, — сказаў Маргелаў. Ён заўважыў, што рост тавараабароту напрамую звязаны з наяўнасцю грошай у насельніцтва.

„Але сказаць, што рост тавараабароту прадоўжыцца і гэта мае перспектыву, я не магу. Наўрад ці гэта будзе, калі не рабіць пэўныя крокі па рэструктурызацыі эканомікі, — адзначыў эксперт. — Калі перавысіць вызначаную планку і неабгрунтавана нарошчваць зарплату, то ўсё гэта выльецца ва ўсплёск інфляцыі. Магчыма, рост нават затармозіцца”.

belapan.by