Выйшаў чарговы нумар „Еўрабюлетэня”



Новы нумар «Еўрабюлетэня» прысвечаны праектам у сферы трансгранічнага супрацоўніцтва, якія рэалізуюцца ў Беларусі.

Аляксандр Панько расказаў аб праектах праграмы «Польшча – Беларусь – Украіна», у рамках якіх будзе праведзена мадэрнізацыя бальніц у Берасці і Ласіцах, а таксама палепшана санітарная інфраструктура ў Жабінцы і Тэрэспалі. Абодва праекты будуць спрыяць павышэнню ўзроўню жыцця людзей у прыгранічных рэгіёнах.

Каля 700 тысяч еўра інвестыцый атрымаў Берасцейскі раён дзякуючы сумесным праектам па паляпшэнні дарожнай інфраструктуры на памежжы. Сяргей Галавенка падрабязна выклаў пункты рэалізацыі новага праекта па будаўніцтве дарогі ў аграгарадку Знаменка.

Князь Антоній Тызенгаўз з’яўляецца знакавай асобай для Гародні і польскага горада Саколка дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў эканамічным развіцці рэгіёну ў XVIII стагоддзі. Данута Палубенская распавяла, як прыгранічныя раёны Беларусі і Польшчы маюць намер выкарыстоўваць спадчыну Тызенгаўза для прыцягнення турыстаў.

Святлана Паддубная і Мікалай Лукашук падзяліліся інфармацыяй пра два праекты ў сферы аховы навакольнага асяроддзя, якія Беларусь і Украіна сумесна рэалізуюць у рамках праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін Усходняга партнёрства. Адзін праект дапаможа захаваць малыя рэкі ў памежным рэгіёне, другі – знакамітыя журавіннікі Альманскіх балот.

Уладзімір Мазалаў распавёў пра беларуска-ўкраінскі праект па развіцці каністэрапіі ў прыгранічных рэгіёнах, а Вікторыя Махнарылава прывяла прыклады цікавых праектаў у рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Латвія – Літва – Беларусь».

Нумар завяршае блок навін, у тым ліку – аб адкрыцці безбар’ернай экасцяжыны ў Налібоцкай пушчы.

euprojects.by