Нібы крылаты карабель над Палессем плыў…



У жніўні 1953 года аблічча гістарычнай часткі Пінска каардынальна змянілася – савецкая, атэістычная ўлада знішчыла касцёл святога Станіслава. Праз некалькі год зруйнуюць і вядомыя ганлёвыя рады, дзе грымеў пінскі кірмаш. Такім чынам паўстала сучасная цэнтральная плошча горада над Пінай.

Касцёл святога Станіслава ўзвышаўся над палескай сталіцай напрацягу трох стагоддзяў. Некаторыя даследчыкі мінуўшчыны сцвярджаюць, што ў свой час гэта быў самы вялікі касцёл на беларускіх землях. Святыню будавалі пры пінскім калегіуме манаскага ордэна езуітаў. Фундатарам выступіў дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай Альбрэхт Станіслаў Радзівіл.

Гэта быў сапраўдны сімвал хрысціянскага свету на Палессі. Святыня, ў залежнасці ад палітычнага ладу, належыла, то каталікам, то ўніятам, то праваслаўным і зноў каталікам. Гісторыя храма адлюстроўвае пакутніцкі лёс нашай зямлі, праз якія віры і выпрабаванні прыйшлося прайсці, на жаль страціўшы не толькі гісторыка-культурныя каштоўнасці, але і тысячы жыццяў.

Касцёл Св.Станіслава ў Пінску, верасень 1934 год, Л.А.Бойд.

У сувязі з 65-й гадавінай знішчэння касцёла святога Станіслава, Беларускае Радыё Рацыя падрыхтавала нізку выказванняў, успамінаў аб страчанай святыне.

Мікалай Ляскоў: “…гэты храм і дом Скірмута як бы пануюць над драўляным горадам”

У 1862 годзе супрацоўнік палітычна-літаратурнай газеты “Паўночная пчала” (Санкт-Пецярбург) Мікалай Ляскоў у суправаджэнні калегі Вінцэнта Каратынскага здзейсніў падарожжа па Паўночна-Заходнім краі. Так у Расейскай імперыі называлі тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага, сэрцам якіх з’яўлялася сучасная Літва і Беларусь. Ляскоў апублікаваў серыю артыкулаў пад назвай “З аднаго дарожнага дзённіка”, дзе асаблівае месца заняў Пінск.

(…) Кляштар ксяндзоў езуітаў, які цяпер ператвораны ў праваслаўны сабор, надзвычайна прыгожы. Калі глядзець на Пінск з-за ракі Піны, то гэты храм і палац Скірмунта як бы пануюць над драўляным горадам, забудаваным, пасля перажытым ім “бед”, без усялякага густу і без плана. Унутры сабора мы не маглі знайсці нічога адметнага, акрамя двух незабеленных фрэсак; ўсё астатняе забелена…

 Расейскі пісьменнік падкрэсліў, што хоць у самім храме нічога не захавалася ад колішняй велічы, але ёсць архіўныя запісы, якія перадаюць усю ўнутраную атмасферу. На гэта Ляскоў сказаў: “каштоўнасці падобных устаноў апісаны падрабязна людзьмі, якія нават ня думалі, што іх словы будуць “vox clamantis in deserto” – голасам абуральных у пустыні”.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, калі беларускія землі, ў тым ліку і Пінск (1793 год) адышлі Расейскай Імперыі – пачаўся працэс пераходу ў праваслаўе. Таму ў 1800 годзе тут размясціўся мужчынскі праваслаўны манастыр.

Касцёл святога Станіслава ў Пінску побач з калегіумам, верасень 1934 год, Л.А.Бойд.

Луіза Арнер Бойд: “…выклікае моцнае ўражанне”

 Увосень 1934 года Пінскае Палессе ў ходзе экспедыцыі наведала сусветна вядомая амерыканская даследчыца Луіза Арнер Бойд. За два тыдні знаходжання на Піншчыне яна зрабіла каля 700 здымкаў і вяла так званы “палескі дзённік”. У 1936-37 гадах выдала ў замежным друку артыкул “Пінскія балоты” і зборнік у Нью-Ёрку “Польская правінцыя”. Па сутнасці, гэта было знаёмства Захаду з беларускім Палессем, адкрыццё свету самабытнасці і прыгажосці краю.

(…) Кожны, хто наведае Пінск, разумее, што ўсходняя Польшча – гэта край, дзе з пункту гледжання мовы, нацыянальнасці і рэлігіі перамешана шмат народнасцяў. Велічныя будынкі канца 17-га стагоддзя, якія выклікаюць моцнае ўражаннне, гэта касцёл і калегіум езуітаў на рынку…

Легендарная амерыканка рабіла нататкі пра касцёл у той самы час, калі ў Пінску на ўсю грымела вядомая ярмарка: “у 7 гадзін раніцы гандаль у самым разгары. Як кірмашы ва ўсім свеце, так і пінскі рынак, падзелены на часткі. Пад паўночнай сцяной касцёла стаяць вазы з драўнінай: бярозавы брус, які выкарыстоўваецца для вагонаў, піламатэрыялы, дрэва для вытворчасці гонты, жэрдкі і дровы. Побач – прадукцыя з дрэва. Каля заходняй сцяны: хатнія птушкі, гародніна, садавіна – яблыкі, грушы, крыху вінаграда і бананаў. Вуліца ўздоўж заходняга боку касцёла была прызначана для вазоў з сенам, балотнай травой і чаротам”.

У 1921 годзе падпісана сумна вядомая Рыжская мірная дамова, якая ставіла кропку ў двухгадовай польска-расейскай вайне. Па дамове Заходняя Беларусь і Украіна адышлі ў склад польскай дзяржавы. Яшчэ раней, у 1919 годзе пінскі мужчынскі праваслаўны манастыр ліквідавалі і святыня вярнулася да каталікоў.

Касцёл Св.Станіслава ў Пінску, верасень 1934 год, Л.А.Бойд.

Барбара Шыманская: “…калі былі выбухі, то нібы землятрус”

 Карэнная пінчанка, чые дзяцінства прайшло ў міжваенны перыяд, Барбара Шыманская на ўсё жыццё запомніла касцёльныя ўрачыстасці і знішчэнне святыні ў 1953 годзе. Спадарыня Шыманская вядомая яшчэ і тым, што амаль напрацягу 40 год у яе кватэраваў першы беларускі картынал Казімір Свёнтэк.

(…) Вельмі часта хадзілі са школай. Памятаю, як унутры заўжды было шмат ваенных, усё было вельмі прыгожа ўбрана. Увачах і зараз стаіць, што касцёл поўны людзей. Пасля мы спускаліся ўніз, дзе стаяла невялічкая белая труна і там мы маліліся святому Андрэю Баболі. Калі ўзрывалі, то маці закрыла нас з сястрой у пакоі, а сама хадзіла па хаце і малілася. Мы добра чулі выбухі, а пасля ўжо пабачылі руіны, нават маю такі здымак”.

 У момант выбухаў каталікі не толькі маліліся, але клаліся на землю ў выглядзе крыжа. Гэта была трагедыя і для праваслаўных, а таксама і для ўсіх, хто разумеў гісторыка-культурную каштоўнасць аб’екта. Прынамсі ёсць версія, што знішчэнне касцёла – цалкам ініцыятыва мясцовай улады, а ў цэнтральных органах ніхто і не патрабаваў.

Панарама Пінска, бачна, як касцёл дамінуе над Пінскам, Л.А.Бойд.

Святлана Лазюк: “…самы прыгожы касцёл ордэна езуітаў”

 Былая намесніца дырэктара Музею Беларускага Палесся Святлана Лазюк прыгадвае некалькі цікавых фактаў з гісторыі страчанага храма.

(…) Езуіты з’явіліся ў Пінску прыблізна ў 1630-31 гадах і пачалі закладаць сваю рэзідэнцыю. Сам жа касцёл будавалі ў 1636-46 гадах. Паколькі разбуральныя войны напрацягу гістарычнага часу закраналі Пінск, то і касцёл неаднаразова быў ахвяраю гэтых падзей. Таму недзе ў 1750-60 гадах святыню капітальна адрамантавалі. У адрозненні ад іншых касцёлаў езуітаў, якія па вялікім рахунку будаваліся ў адным архітэктурным стылю, ў пінскага касцёлю былі вялікія “крылы”. Мабыць гэта самы прыгожы касцёл ордэна на той час. Да 1800 года тут была капліца з мошчамі святога Андрэя Баболі.

Так мог выглядаць касцёл у нашыя дні, калаж з Інтэрнэта.

Эдвард Злобін: “…гэты сімвал будзе назаўжды з Пінскам”

Краязнаўца, аўтар шэрагу выданняў і артыкулаў па пінскай мінуўшчыне Эдвард Злобін кажа, што святыня засталася ў памяці не толькі тых, хто яе бачыў на ўласныя вочы, але памяць і смутак страты пераходзіць у іншыя пакаленні. Менавіта таму час ад часу паўстаюць ініцыятывы па адраджэнню касцёла, і хто ведае, можа гэта калісьці і здарыцца.

(…) Касцёл святога Станіслава – сімвал Пінска, сімвал Палесся. Многія старыя пінчукі ўзгадвалі, што яго было бачна з усіх бакоў, з Лагішына, што ў 30 кіламетрах ды з зарэчнай зоны. У 1930-я гады тут былі вялікія ўрачыстасці – збіралі гімназістаў, маракоў, вайскоўцаў. Ладзілі “свята мора”. Яшчэ жывыя людзі, якія памятаюць трубачоў, якія падавалі сігналы. Наўпрост няма негатыўных успамінаў. Акрамя таго, касцёл стаў сімвалам восені 1939 года. На наступны дзень, калі Чырвоная армія заняла Пінск, нейкі п’яны танкіст адкрыў агонь па вежам касцёла, па заходняй часцы будынка. Ён крычаў: “Дзе ж ваш Бог, які нічога не можа зрабіць?”, вось так, пачаў спаборнічаць са Стваральнікам. У выніку выхадкі п’янага танкіста была моцна пашкоджана адная з вежаў і згарэў дах. На старых здымках бачна, што бальшавікі на паўночнай часткі будынку арганізавалі трыбуну для прыёму парадаў і нават зрабілі фон у выглядзе крамля. 

Адносна 1953 года, Эдвард Злобін дадае, што пры знішчэнні загінулі два матросы. Магчыма няправіла заклалі выбухоўку.

23 ліпеня 1953 года за подпісам старшыні Пінскага гарадскога выканкама Фёдара Пастухова было прынятае рашэнне №314 „Аб зносе касцёла, які знаходзіцца на плошчы ім.Леніна”. У дакуменце пазначана матывацыя: „ў сувязі з тым, што будынак па сваім тэхнічным стане не можа быць адноўлены для выкарыстання пад культурна-бытавое памяшканне, а таксама не з’яўляецца архітэктурным помнікам”.

Святыня перад выбухам, ліпень 1953 года. У ходзе Другой сусветнай вайны пінскі касцёл святога Станіслава значна пацярпеў.

 

Касцёл пасля першага выбуху, ліпень-жнівень 1953 год.

Касцёл пасля другога выбуху, ліпень-жнівень 1953 года.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя