Фотавыстава да 75-ай гадавіны паўстання ў беластоцкім гета



Здымкі Беластоку часоў паўстання ў гета, якія раней не паказваліся. Іх можна паглядзець у цэнтры горада ў суправаджэнні мастацкай інсталяцыі, якая нагадвае ахвяры гета. У сталіцы Падляшша праходзяць мерапрыемствы, звязаныя з 75-ай гадавінаў выбуху паўстання ў беластоцкім гета. Паводле гісторыкаў, яно было другім па маштабах у змаганні габрэйскай супольнасці з нацыстамі пасля варшаўскага паўстання.

Кажа дырэктарка мастацкай галерэі імя Сляндзінскіх у Беластоку, адна з суарганізатараў памятных мерапрыемстваў Ёланта Шчыгель-Рагоўская:

– Паўстанне, якое выбухнула ў беластоцкім гета, было практычна паўстаннем на смерць, не было тут шанцаў. Праўда, частка маладых людзей здолела збегчы, але не шмат. Таму гэта было змаганне, вынікам якога была б годная смерць, але таксама і помста за тое, што адбывалася на працягу мінулых гадоў на тэрыторыі гета і на ўсёй тутэйшай мясцовасці.

Выстава пад назвай “Мы, беластачане, памятаем! І будзем заўсёды памятаць…” працуе на рынку Касцюшкі да 24 жніўня. Гэтыя здымкі выканаў у жніўні 1943 году ананімны нямецкі жаўнер.

Сёння, 18 жніўня, у Беластоку праходзіць гістарычная экскурсія шляхам гета, а ўвечары на рынку Касцюшкі адбудзецца канцэрт “Героям гета” ў выкананні Клезмерскага аркестра Сейненскага тэатра.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Васіля Кроквы