Каля 50 праціўнікаў будаўніцтва завода сабраліся ў Берасці



Каля 50 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода сабраліся 19 жніўня на плошчы Леніна ў Берасці. Яны стаялі групамі, кармілі галубоў і абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства.

Такія сустрэчы праціўнікаў завода праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага.

Сёння прысутныя абмяркоўвалі разгляд у Берасцейскім абласным судзе скаргаў трох праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода, якія былі пакінутыя без задавальнення. 15 жніўня былі разгледжаны дзве з іх — Дзмітрыя Бекалюка і Алега Ярмоленкі. Яны прасілі адмяніць рашэнне суда Ленінскага раёна Берасця, які 11 ліпеня прызнаў іх вінаватымі па ч. 1 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і аштрафаваў на 20 базавых велічынь (490 рублёў) кожнага. Бекалюка і Ярмоленку затрымалі 24 чэрвеня ў Берасці каля рынка на вуліцы Пушкінскай, дзе яны збіралі подпісы за адстаўку берасцейскіх чыноўнікаў — кіраўнікоў абласнога, раённага і гарадскога выканкамаў. Пры гэтым раней праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода звярнуліся ў Нацыянальны сход з просьбай патлумачыць, ці з’яўляецца збор подпісаў на вуліцы масавым мерапрыемствам, якое падпадае пад дзеянне адпаведнага заканадаўства. 8 чэрвеня старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэй Навумовіч накіраваў адказ, у якім паведаміў, што збор подпісаў масавым мерапрыемствам не з’яўляецца.

Яшчэ адна скарга была разгледжана ў Берасцейскім абласным судзе 16 жніўня. Яе падавала ўрач Таццяна Фесікава, звольненая з Берасцейскай цэнтральнай гарадской бальніцы пасля выступлення на мітынгу „Берасцейкі супраць свінцу”. 27 чэрвеня суд Маскоўскага раёна Берасця адмовіў Фесікавай у іску да гэтай бальніцы. Праз суд Фесікава дамагалася аднаўлення на працы ў гэтай бальніцы, прасіла спагнаць плату за час вымушанага прагулу і грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў 500 рублёў. Фесікава лічыць, што прычына яе звальнення — крытыка ўладаў, з-за патурання якіх пад Берасцем будуецца акумулятарны завод. Паводле слоў Фесікавай, на момант яе звальнення ў аддзяленні, дзе яна працавала, былі свабоднымі стаўкі ўрача-неўролага, размеркаваныя паміж супрацоўнікамі аддзялення. І звальняць яе не было неабходнасці. Яна адзначала, што працавала ў цэнтральнай гарадской бальніцы з 2002 года. Да 2008 года — на поўную стаўку, затым на паўстаўкі знешнім сумяшчальнікам. Прэтэнзій да яе працы не было.

29 красавіка Фесікава выступіла на санкцыянаваным уладамі мітынгу „Берасцейкі супраць свінцу”. Урач заявіла, што не існуе бяспечных доз свінцу, а чыноўнікі, якія не чуюць больш за 38 тысяч чалавек, што выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем, прыгатавалі жыхарам горада і яго прыгарада „міну запаволенага дзеяння, экалагічную катастрофу”. „Спыніцеся, адумайцеся! Вы абавязаны нас абараняць, а не знішчаць”, — заклікала ўлады Фесікава. На наступны дзень пасля мітынгу Фесікавай патэлефанавалі з Берасцейскай цэнтральнай гарадской бальніцы і сказалі, каб 1 мая яна не выходзіла на дзяжурства. 2 мая галоўны ўрач бальніцы паведаміў Фесікавай, якая працавала на паўстаўкі ў аддзяленні неўралогіі, што яе звальняюць. На яе месца будзе прыняты ўрач, для якога гэта праца будзе з’яўляцца асноўнай. 4 мая Фесікаву звольнілі.

Праціўнікі будаўніцтва завода, якія сабраліся сёння ў цэнтры Берасця, выказвалі абурэнне рашэннямі абласнога суда, называлі іх несправядлівымі. Так, берасцейка Ірына лічыць, што гэта паказальныя суды, мэта якіх — запалохаць праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. Пры гэтым прысутныя казалі пра тое, што рэпрэсіі ўладаў не спыняць іх, яны маюць намер і далей патрабаваць закрыцця небяспечнай будоўлі.

Сёння на плошчу прыйшоў старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі. Ён заявіў, што партыя падтрымлівае грамадзянскую кампанію супраць будаўніцтва завода. Рашэннем абласнога суда ён не здзіўлены. „Сацыял-дэмакраты не аднойчы сутыкаліся з такімі несправядлівымі рашэннямі на ўласным вопыце”, — адзначыў Маслоўскі.

Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Берасце”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода. 17 мая на гэты адказ была накіравана адпаведная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Акрамя таго, 11 мая на імя Лукашэнкі быў накіраваны зварот жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна з просьбай вызваліць ад пасады старшынь брэсцкіх аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама у сувязі са стратай даверу. Тады пад гэтым дакументам падпісаліся 3.226 чалавек. У цэлым такіх подпісаў сабрана ўжо больш за 5 тысяч.

Актывісты падавалі заяўкі на правядзенне ў Берасці шэрагу акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Берасцейскі гарвыканкам санкцыянаваў толькі адну: 29 красавіка мітынг „Берасцейкі супраць свінцу” на ўскраіне Берасця, у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

belapan.by