Берасце: Усе супраць, але ўсе баяцца



У 26-ы раз берасцейцы і жыхары раёна сабраліся на плошчы Леніна, каб „пакарміць галубоў”. Усе яны з ліку праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода кампаніяй „АйПаўэр”, якія такім чынам пратэстуюць супраць будоўлі, бо лічаць яе небяспечнай.

Яны збіраюцца, каб абмеркаваць сітуацыю вакол завода, а таксама далейшыя дзеянні.

Кажа блогер Аляксандр Кабанаў:

– Навінаў насамрэч шмат, зрабілі новыя пробы грунтоў. На гэты раз прысутнічалі дзве дзяржаўныя арганізацыі, калі забіралі пробы. Мы зараз рыхтуем зварот у Раду Еўропы, у Еўрапейскую народную партыю, то бок будзем вывадзіць тое, што адбываецца ў Берасці на міжнародны ўзровень. Там будзе больш датычыць канешне ж не экалагічных момантаў, а менавіта парушэння правоў грамадзян. Судзячы па тым, што ўлады перашкаджаюць нават сабраць подпісы ў Адміністрацыю прэзідэнта, яны гэты настрой у грамадстве вельмі добра адчуваюць і не хочуць, каб гэта дайшло да вярхоўнага галоўнакамандуючага.

Нягледзячы на тое, што легальна правесці мітынгі не ўдаецца, праціўнікі будаўніцтва зазначаюць – пэўныя перамогі ў іх ёсць. Напрыклад, сітуацыя з адкідамі акумулятарнай вытворчасці ў Зялёным Бару, якую выкрылі актывісты, зараз змянілася.

Зараз ужо дзяржава праз суды прыцягвае да адказнасці людзей і кампаніі, якія зрабілі там звалку. Людзі, якія выйшлі на плошчу ў Берасці, вераць у тое, што і ў выпадку з іх заводам таксама з’явяцца поспехі:

– Трэба больш людзей. Трэба, каб усе, гэта ж не сто чалавек, не дзвесце хвалюе, а павінна ўсіх хваляваць. Вось тады нешта будзе, а так баяцца канешне.

– Усе супраць, але ўсе баяцца. У мяне вельмі шмат знаёмых, якія нават міліцыянты. Яны таксама супраць, але яны ўсе баяцца, бо заўтра ў іх не будзе працы.

Супрацьстаянне праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода з кампаніяй „АйПаўэр” і ўладамі, якія на думку актывістаў бяздзейнічаюць, цягнецца ад студзеня 2018 года.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце