Юрый Чавусаў: Новы ўрад мае выразны крызісны фармат



“Добрыя чыноўнікі ці кепскія, яны ў беларускім урадзе і так выконваюць палітычную лінію, якую закладае кіраўнік дзяржавы”. Палітолаг Юры Чавусаў у нашым эфіры пракаментаваў змены ва ўрадзе.

РР: 14 жніўня Аляксандр Лукашэнка, знаходзячыся ў Воршы, выказаў незадаволенасць працай ураду, а ўжо ў суботу 18 жніўня мы дазналіся пра змену прэм’ер-міністра, яго намеснікаў, і некалькіх міністраў. Ваша першая рэакцыя? Было здзіўленне?

– Здзіўленне выклікае тое, што новы склад ураду прызначаны не пасля прэзідэнцкіх выбараў, калі прэзідэнт фармуе ўрад і прадстаўляе яго парламенту, а ў перыяд паміж выбарчымі кампаніямі. Гэта сапраўды незвычайна, гэта сапраўды надзвычайна, гэта сведчыць пра негатыўную ацэнку дзейнасці мінулага складу ўрада і пра нейкія кардынальныя змены, якія кіраўнік краіны вырашыў у складзе ўрада правесці, не чакаючы выбарчых кампаній.

РР: Пагаворым аб прычынах змены ўрада менавіта цяпер і менавіта такім чынам. Выказваецца некаторымі экспертамі меркаванне, што прычына ў тым, каб “прышчучыць” чыноўнікаў, паказаць, што Аляксандр Лукашэнка яшчэ мае над усім кантроль…

– Гэта тая прычына, якая прадстаўляецца дзяржаўнымі СМІ і самім Лукашэнка. Напярэдадні адстаўкі ўраду адбыўся “разнос” вертыкалі ў Воршы. Я не схільны лічыць, што гэта нейкая новая палітычная лінія, але новая ідэалагічная лінія – ідзе аднаўленне старых фарматаў, паводле якіх Лукашэнка павінен кантраляваць усё. І гэта відавочна. На гэтым фоне словы пра тое, што ўрад быццам бы больш ліберальны, выклікаюць сур’ёзныя сумневы. Сапраўды, у складзе ўраду цяпер ёсць маладыя чыноўнікі, маладыя дзяржаўныя службоўцы, сярод іх – прыхільнікі рыначнай эканомікі. Але выглядае на тое, што гэты арыентаваны на рынак урад прыходзіць з праграмай, якая будзе мець на думцы аднаўленне татальнага кантролю палітычнага кіраўніцтва краіны за дзейнасцю гэтага ўрада. Тут можна казаць хутчэй пра памяншэнне самастойнасці галіновых спецыялістаў у вызначэнні дзяржаўнай палітыкі.

РР: Асоба новага прэм’ера Сяргея Румаса ў некаторых выклікае пазітыўныя рэакцыі. Вось старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у каментары БелаПАН кажа, што глядзіць на гэтае прызначэнне “са стрыманым аптымізмам”. Пра Румаса кажуць, што ён – добры эканаміст-рыначнік, што дзякуючы ў тым ліку і яму бел-чырвона-белыя сцягі перасталі забіраць на трыбунах стадыёнаў… Вы таксама маеце “стрыманы аптымізм” адносна гэтага прызначэння?

– Ёсць у беларускім дзяржаўным апараце чыноўнікі з добрым іміджам, ёсць з кепскім і нават крывавым іміджам. Ёсць такія як міністр унутраных спраў Шуневіч, які не хавае свайго захаплення сумнымі старонкамі беларускай гісторыі, які апранаў форму НКВД на афіцыйных мерапрыемствах. На гэтым фоне, канешне, Сяргей Румас выглядае прынамсі адэкватным чалавекам, спецыялістам у сваёй галіне – фінансавай, банкаўскай сферы. Але давайце не забываць пра тое, што ў яго таксама заплечча вайсковае, Яраслаўская вайсковая вучэльня. І ў прынцыпе добрыя чыноўнікі, кепскія чыноўнікі, яны ў беларускім урадзе выконваюць палітычную лінію, якую закладае кіраўнік дзяржавы. Што тычыцца прызначэння менавіта Румаса, менавіта банкіра, а важны таксама склад яго віцэ-прэм’ераў, прыхільнікаў таксама рыначнай эканомікі, гэта маладыя асобы, міністру эканомікі ўвогуле 37 гадоў, гэта сведчыць пра наступнае. Якія зараз стаяць задачы перад урадам? Беларусь павінна аддаваць вялікія сумы крэдытаў. Трэба шукаць магчымасці перакрэдытавання. І каму, як не рыначнаму чыноўніку-банкіру весці перамовы па гэтых пытаннях. Мне падаецца, што гэты ўрад прызначаны для таго, каб пераскочыць эканамічна складаны перыяд у развіцці нашай дзяржавы. Можа гэта будзе праз новыя крэдыты, можа праз рэформы, але рэформы, не скіраваныя на перазагрузку беларуская эканомікі, а на памяншэнне дзяржаўных выдаткаў. Так ці іначай, гэта ўрад, які мае выразны крызісны фармат.

РР: Звернем увагу на “законнасць” прызначэння Сяргея Румаса. Паводле Канстытуцыі нейкім чынам у гэтым прызначэнні мела паўдзельнічаць Палата Прадстаўнікоў?

– У Беларусі ўрад прызначаецца прэзідэнтам, а адказны ён перад Парламентам. Так, па Канстытуцыі гэта павінна было быць зацверджана Парламентам, але казаць пра тое, што беларускі Парламент можа заблакаваць кандыдатуру новага прэм’ер-міністра – не выпадае. Ён можа выказаць нязгоду, і пасля гэтага Парламент распускаецца. Прызначаюцца новыя выбары, а прэм’ерам і так будзе той, каго прызначыць прэзідэнт. Зрэшты і ранейшыя прэм’ер-міністры зацвярджаліся парламентам постфактум. Я не схільны лічыць, што цяперашняе прызначэнне прэм’ера нечым адрознівалася ад ранейшых.

Цалкам гутарка з палітолагам Юрыем Чавусавым – у далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя