Белстат: У другім квартале фактычнае беспрацоўе склала 4,7%



У другім квартале фактычнае беспрацоўе ў Беларусі склала 4,7%, або 239,1 тыс. чалавек, паведаміла 20 жніўня на прэс-канферэнцыі старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева, адказваючы на пытанне БелаПАН.

У Беларусі ўдзельная вага беспрацоўных (паводле метадалогіі МАП, людзі, якія не маюць працу, але шукаюць яе і гатовыя яе пачаць) не крытычны. Параўнальны аналіз у іншых краінах гэта пацвярджае. У другім квартале 2018 года ўзровень фактычнага беспрацоўя, разлічаны згодна з метадалогіяй МАП, у Германіі склаў 3,8%, Вялікабрытаніі — 4,3%, ЗША — 4,4%, Расеі — 4,8%, Польшчы — 4,9%, Аўстрыі — 5,5%, Літве — 7,1%, Латвіі — 8,7%, Францыі — 9,4%, ва Украіне — 9,5%„, — адзначыла Мядзведзева.

Яна растлумачыла, што звесткі аб фактычным беспрацоўі Белстат прыводзіць штоквартальна ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і рэкамендацыямі пры падтрымцы Сусветнага банка і ўдзеле кансультантаў і экспертаў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Абследаванне праходзіць па выбіральным метадзе ва ўсіх абласцях і Менску, ахоплівае 0,6% агульнай колькасці дамашніх гаспадарак, або 7 тыс. (11 тыс. чалавек).

Органы дзяржаўнай статыстыкі гарантуюць канфідэнцыйнасць персанальных звестак, атрыманых падчас абследавання. Пры яго правядзенні ў члена дамашняй гаспадаркі не пытаюць нават прозвішча. Уся атрыманая інфармацыя прызначаная выключна для фармавання зводных статыстычных звестак. Акрамя таго, спецыялісту, які праводзіць абследаванне, забаронена раскрываць адказы на пытанні і вынікі выбарачнага абследавання„, — заўважыла кіраўнік Белстата.

Паводле яе слоў, асноўныя звесткі, атрыманыя па выніках выбарачнага абследавання, Белстат штоквартальна публікуе ў дакладзе „Сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь” і размяшчае на сваім сайце. Звесткі за першы квартал таксама апублікавалі на сваіх сайтах Сусветны банк і МАП.

Як раней паведаміла Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на ўліку ў якасці беспрацоўных на 1 жніўня 2018 года знаходзілася 16,6 тыс. чалавек, на 46,9% (амаль удвая) менш, чым на 1 жніўня 2017 года (31,2 тыс. чалавек). Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 жніўня гэтага года склаў 0,4% і ў параўнанні з 1 жніўня 2017 года знізіўся на 0,3 працэнтнага пункта.  БелаПАН