Беларускае лета



Бадай, ніводную пару года так не шкада адпускаць як лета… Тым болей, такое шыкоўнае – амаль міжземнаморскае! – лета-2018. Не маеце грошай і візаў для далёкіх марскіх падарожжаў? Не пытанне — рэкі і азёры чакаюць вас! Свае, айчыннай вытворчасці…

Вось так, між іншым, бавячы час паміж домам і вылазкамі на прыроду – на роварах або пехам! – беларусы і даведаліся, што на выходных у іх змяніўся ўрад. Хтосьці даведаўся ўжо ў панядзелак. Хтосьці і ўвагі на такія перамены не звярнуў… Не першы і не апошні ўрад змяніўся ў нашах шыротах. Нязменны толькі… Бег ракі часу.

Шкадуй не шкадуй – лета заканчваецца. Чуем радасную навіну ад кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта спадарыні Качанавай пра тое, што з аграгарадкамі і абласнымі цэнтрамі работа праведзена добрая – на чарзе гарады з насельніцтвам у 50-80 тысяч чалавек. Перамены ідуць менавіта туды… Тым часам жыхары аграгарадкоў могуць расслабіцца і збіраць добры сёлетні ўраджай. Нават з жыхарамі абласных цэнтраў падзяліцца могуць і кабачкамі, і бульбай, і яблыкамі, слівамі…

Беларускія аграрыі намалацілі больш 5 мільёнаў тон зерня, а сіноптыкі паабяцалі яшчэ тыдзень прыемнага летняга надвор’я – пераважна без дажджоў! Бадай, лета і сіноптыкі цяпер не засмучаюць беларусаў. Тых беларусаў, што любяць гарачыню! Астатнім не доўга засталося пацярпець – неўзабаве восень…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ