У студзені—ліпені жыллёвае будаўніцтва скарацілася на 12,3%



У студзені—ліпені 2018 года ў Беларусі арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці пабудавана 21,1 тыс. новых кватэр, вынікае з дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Уведзена ў эксплуатацыю 1 млн 838,6 тыс. кв. м агульнай плошчы жылля, што на 12,3% менш, чым у студзені—ліпені 2017 года.

У ліпені пабудавана 159,4 тыс. кв. метраў — на 11,2% менш, чым у ліпені мінулага года, і на 55,7% менш, чым у чэрвені 2018-га.

Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 677,9 тыс. кв. м агульнай плошчы, або 36,9% агульнага аб’ёму ўведзенага жылля.

З агульнага аб’ёму ўведзенага жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі пабудавана 456,8 тыс. кв. м (на 46,8% больш, чым у студзені—ліпені 2017 года), у шматкватэрных жылых дамах у гарадах — 430,1 тыс. кв. м.

У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю 517,5 тыс. кв. м агульнай плошчы жылля, або 28,1% агульнага ўводу ў краіне.

Заданне на 2018 год па ўводзе ў эксплуатацыю жылых памяшканняў ўстаноўленае ў памеры 4 млн кв. м. Для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, у шматкватэрных дамах у гарадах запланавана пабудаваць 587 тыс. кв. м, з дзяржпадтрымкай — 900 тыс. кв. м.

Сацыяльнага жылля плануецца пабудаваць 679 тыс. кв. м (фінансаванне — 37 млн 405 тыс. рублёў), для шматдзетных сем’яў — 562,6 тыс. кв. м (410 млн 360 тыс.), індывідуальных жылых дамоў — агульнай плошчай 1 млн 484 тыс. кв. м (1 млрд 312 млн 460 тыс. рублёў). У гарадах-спадарожніках плануецца пабудаваць 28,7 тыс. кв. м жылля.

Ёсць некаторыя складанасці ў тэмпах здачы ў эксплуатацыю жылля ў сувязі з тым, што год пачаўся фактычна без задзела, — адзначыў раней начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль. — Таму некаторыя аб’екты пачынаюць толькі будаваць, і гэта адбіваецца на тэмпах будаўніцтва у першым квартале. Тэмпы будуць нарастаць, і ёсць упэўненасць, што 4 млн квадратных метраў будзе пабудавана. Хоць гэта не так проста з прычыны недастатковых даходаў насельніцтва. 900 тысяч з дзяржпадтрымкай — гэта строга абавязковы паказчык, які будзе выкананы і міністэрствам, і абласцямі„.

Горваль паведаміў, што ў сувязі з рэалізацыяй указа прэзідэнта пра субсідаванне жыллёвага будаўніцтва ў гэтым годзе дадаткова плануецца прыцягнуць 526 мільёнаў рублёў. „Будаўнічы комплекс працуе ўстойліва, і пытанне толькі ў аб’ёмах фінансавання — больш будзе дзяржсродкаў, сродкаў банкаў і грамадзян, больш будзе будавацца жылля. Тэхнічныя і арганізацыйныя магчымасці для гэтага ёсць у прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці. Мы глядзім з аптымізмам і мяркуем, што ўсе закладзеныя у праграме параметры будуць выкананыя„, — заявіў чыноўнік.  БелаПАН