Пра гвалтоўнае заканчэнне Пражскай вясны



У канцы 1968 года сярод жыхароў Чэхаславаччыны быў папулярны анекдот: “Скажыце, рускія чэхам браты ці сябры?” – “Канешне, браты. Братоў не выбіраюць”. У жніўні 1968 года савецкія войскі ўварваліся на тэрыторыю сяброўскай камуністычнай дзяржавы, якая пад ціскам грамадскасці адважылася на сціплыя рэформы. Гаворка не ішла пра радыкальныя рынкавыя пераўтварэнні альбо рэстаўрацыю даваеннага буржуазнага ладу. Проста ў асяродку чэшскіх і славацкіх камуністаў выспела разуменне неабходнасці пераменаў.

Здавалася б, выгадаваны ў рэчышчы камуністычнай прапаганды славак Дубчак, які правёў у СССР 16 гадоў у дзяцінстве, мусіў весці свой народ у цудоўнае камуністычнае далёка па той жа дарозе, што праклалі раней старэйшыя браты з Масквы. Але штосьці пайшло не так. Аляксандр Дубчак нечакана для расейскіх камуністаў дазволіў грамадзянам свабодна выязджаць за мяжу краіны, адмяніў цэнзуру ў СМІ і дазволіў фактычна масавыя сходы. Народ такія крокі хутка ацаніў. Палітычнае і грамадскае жыццё ў ЧССР завіравала. У газетах пачалі друкаваць крытычныя публікацыі пра сумныя савецкія рэаліі, выкрываць злачынствы сталінізму і ўвогуле ставіць пад сумнеў жыццядзейнасць камуністычнай мадэлі. Зразумела, такія працэсы не маглі спадабацца Крамлю. Генеральны сакратар КПСС Леанід Брэжнеў некалькі разоў спрабаваў пераканаць Аляксандра Дубчака ў неабходнасці спынення рэформ. Потым дайшла справа да адкрытых пагроз, падчас якіх кіраўніцтву Чэхіі быў агучаны ўльтыматум пра непазбежнасць ваеннага ўмяшальніцтва. У гісторыі ХХ стагоддзя падобныя ўльтыматумы чэхі ўжо чулі ад рэйхсканцлера Адольфа Гітлера напярэдадні аншлюса Чэхаславакіі. Таму рэакцыя Аляксандра Дубчака была прадказальнай.

У ноч з 20-га па 21-га жніўня 1968 года некалькі сотняў тысяч савецкіх вайскоўцаў пры сімвалічнай падтрымцы саюзнікаў з Варшаўскага блоку (ГДР, ПРЛ, Венгрыі) фактычна акупавалі Чэхію. Спецыяльная група захопу арыштавала кіраўніцтва ЦК КПЧ. Аляксандра Дубчака даставілі ў Маскву на перавыхаванне.

За ўвесь час супрацьстаянняў на вуліцах чэшскіх гарадоў загінула 108 мірных жыхароў. Колькасць савецкіх ахвяр дасягнула 98 чалавек, прычым большасць з загінулых савецкіх грамадзян страцілі жыцці праз неасцярожнае карыстанне зброяй, аўтамабільныя здарэнні і авіякатастрофы. 

Праглядзеў я некалькі матэрыялаў пра савецкую інтэрвенцыю ў Чэхаславаччыну ў жніўні 1968 года. І вось што цікава: чэшскія гісторыкі асабліва акцэнтуюць увагу на тым, што Масква ўвесь час патрабавала ад кіраўніка ЦК КПЧ Аляксандра Дубчака вярнуць цэнзуру ў СМІ. То бок, “Пражская вясна” пачалася з галоснасці, а скончылася менавіта разгромам журналісцкіх рэдакцый. “Мы — з вамі, вы таксама будзьце з намі”, — так пачыналі свае радыёэфіры чэшскія журналісты, якія распавядалі грамадзянам пра акупацыю краіны. Раніцай 21 жніўня савецкія дэсантнікі забілі 22 бяззбройных жыхароў Прагі, якія выйшлі абараняць журналістаў на вуліцу Вінаградскую. Кажуць, нават пасля захопу будынку цэлы дзень працягвалася прамая трансляцыя. Савецкія спецслужбы не маглі знайсці падсобныя памяшканні, адкуль падаваўся сігнал. З 22 жніўня ў Чэхіі пачалі дзейнічаць 12 падпольных радыёстанцый.

Вынікам агрэсіі СССР супраць Чэхаславаччыны сталася тое, што ў гэтай краіне яшчэ на 20 год усталяваўся жорсткі камуністычны рэжым. За гэтыя гады некалькі сотняў тысяч чэхаў былі вымушаныя пакінуць радзіму, краіна перажывала эканамічны застой і дэпрэсію. Затое чэхі ўсвядомілі, што не існуе ніякага “сацыялізму з чалавечым тварам” у прынцыпе. Любыя спробы рэфармавання камуністычнай дыктатуры вядуць да яе руйнавання, што і адбылося ў снежні 1989 года ў Празе.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ