У Менску адкрыецца выстава „Крывіцкая мекка”
30 жніўня 2018 года а 17-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбудзецца адкрыццё выставачнага праекта “Крывіцкая мекка”.
Упершыню ў Беларусі экспануюцца цікавыя матэрыялы віленскага перыяду са збораў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, прыватнай калекцыі Ірыны Ніжанкоўскай – унучатай пляменніцы Аляксандра Уласава. Плануецца прадставіць рарэтэты з фондаў Грамадскай арганізацыі “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча” (Вільнюс, Літва) і Музея гісторыі горада Менска.
Выстава прысвечана значэнню Вільні – колішняй сталіцы Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага, гораду, які у розны час называлі “Крывіцкая Мека”, “Беларускі Сіён”. У пачатку 20 ст. месца ля Замкавай гары – культурны, рэлігійны і духоўны цэнтр, стаў цесна звязаны з беларускім Адраджэннем. Менавіта тут выходзілі першыя беларускія газеты “Наша Доля” і “Наша Ніва”, гуртаваліся палітычныя і культурныя сілы.
Горад займаў асаблівае значэнне ў жыцці і творчасці Янкі Купалы. У 1908 годзе паэт пераязджае сюды для працы ў рэдакцыі “Нашай Нівы”. Пасля ў газеце з 1908 па 1914 год будзе надрукавана каля 150 ягоных вершаў, 4 паэмы і шматлікія артыкулы. У Вільні ён пазнаёміцца з сваёй будучай жонкай Уладзіславай Станкевіч. У 1913 г. з вялікім поспехам пройдзе прэм’ера пастаноўкі “Паўлінкі”. Незабываўся паэт пра Вільню да канца жыцця. У 1941 г. ён ў апошні раз наведае слынны горад. Незадоўга перад гэтым ён пакіне вядомыя радкі:
Менск, Маладзечна, Вiльня… Як жа знаёмы шлях гэты! Змерыў яго я калiсьцi, Як шукаў шчасця па светах.
Імя Янкі Купалы, такжа як Францыска Скарыны, Льва Сапегі, філаматаў і філарэтаў, Францішка Багушэвіча, Браніслава Тарашкевіча непадзельна звязана з старажытнай Вільняй. Невыпадкова, першая беларуская шыльда ў Вільні з’явілася яшчэ ў 1952 г. менавіта ў гонар Янкі Купалы. Размешчана яна была на Віленскай вуліцы, дзе паэт працаваў рэдактарам першай беларускай газеты.
Для арганізаваных груп пры папярэднім запісе могуць быць праведзены тэматычныя экскурсіі. Таксама плануецца шточацвер дэманстраваць стужкі пра слынны горад.