Вернікі з Беларусі збіраюцца на сустрэчу з Папам Рымскім
Праз месяц Вільню і Коўна наведае Папа Францішак. Ён пабывае ў балтыйскіх краінах: Літве, Латвіі ды Эстоніі. Найбольш прадстаўнічая пілігрымка вернікаў з Беларусі 22-23 верасня накіруецца ў Літву з Гародні. Ад Гарадзенскай дыяцэзіі ўжо набралася больш за 700 чалавек.
Кажа ксёндз канонік Гарадзенскай дыяцэзіі Антоні Грэмза:
– Зацікаўленасць праяўляюць: Гарадзенскі, Лідскі, Ваўкавыскі рэгіён, а таксама іншыя парафіі, якія хочуць прыняць удзел у гэтай падзеі. Папа Францішак першы раз будзе так блізка да межаў Беларусі, што выклікае зацікаўленне ў вернікаў, якія хочуць пабачыць, паслухаць Папу ў рэальнасці, каб быць з ім. Гэта для нас цудоўная магчымасць, каб паехаць у Вільню і Коўна.
Вялікае прадстаўніцтва ў Вільні і Коўне будзе з Цэнтральнай Беларусі. Прыедзе больш за 700 пілігрымаў з Менска-Магілёўскай дыяцэзіі. Вядома, што пілігрымы з Беларусі таксама будуць на сустрэчах главы Каталіцкай Царквы ў Латвіі і Эстоніі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня