Тамара Шчапёткіна: Абвінавачваюць па артыкуле, якога ўжо няма ў законе



Іванаўскім міліцыянтам прыйшлося перарабляць адміністрацыйны пратакол, складзены на журналістку-фрылансера з Бярозы Тамару Шчапёткіну.

Так запатрабавала суддзя Бярозаўскага суда Наталля Мінчанка, якая будзе разглядаць гэтую справу. Цяпер пратакол перароблены без працэсуальных памылак, калі не ўлічваць, што незаконна складзены наогул. У віну Шчапёткінай цяпер акрамя аднаго артыкула 22.9 Закона аб СМІ пастаўлены артыкул 35. ч.4 і артыкул 1, ч.16., то бок тая ж праца без акрэдытацыі на замежную радыёстанцыю Беларускае Радыё Рацыя, кажа Тамара Шчапёткіна:

– У частцы 4-й артыкула 35-га гаворыцца, што журналіст замежнага СМІ не мае права працаваць без акрэдытацыі на тэрыторыі Беларусі. Частака 16-я артыкула 1-га выдалена з закона аб СМІ з 2008 года. Чаму яе прыляпілі, невядома.

У віну журналістцы пастаўлена перадача пра ферму “Сухое” у Іванаўскім раёне, размешчаная на сайце Беларускага Радыё Рацыя. Гэта трэці пратакол, складзены на журналістку. Яшчэ два чакаюць свайго разгляду ў Баранавіцкім судзе. Па двух першых пратаколах на пачатку жніўня суддзя Алена Нямкова пакарала Тамару Шчапёткіну штрафам у 25 базавых велічынь.

Беларускае Радыё Рацыя