Аляксандр Клімаў судзіцца з “Гомельскім хімзаводам”



У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля пачаўся новы этап разгляду рэзананснай справы рабочага Аляксандра Клімава. Былы апаратчык з цэху сернай кіслаты судзіцца з „Гомельскім хімзаводам”, на якім ён прапрацаваў 32 гады. Рабочы імкнецца дамагчыся прызнання траўмаў, атрыманых на працоўным месцы, вытворчымі.

Прадстаўнік незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка заўважае, што наймальнікі часта імкнуцца прыхаваць статыстыку няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

– Любы наймальнік стараецца схаваць траўмы ў сябе на вытворчасці, таму што за гэта караюць. Калі траўмы звязаныя са смерцю рабочага, то нават у турму садзяць тых, хто не забяспечыў годныя ўмовы працы, у тым ліку і галоўных інжынераў. У дадзеным выпадку, зразумела, што нікога не пасадзяць, але ж ёсць адпаведная рэпутацыя ў завода.

Аляксандр Клімаў атрымаў цяжкія траўмы ў траўні 2011 года. Паводле рабочага, ён атруціўся серавадародам на працоўным месцы, пасля чаго страціў прытомнасць і ўпаў з вышыні. Ягоныя словы аспрэчваюць прадстаўнікі „Гомельскага хімзавода”, якія сцвярджаюць, што рабочы меў праблемы са здароўем і да няшчаснага выпадку. Таму ягоныя траўмы, якія прывялі да інваліднасці, з умовамі працы не звязаныя.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота vseogomele.net