Уцёкі з Беларусі



З Беларусі ў Польшчу збег воўк. Толькі не той Воўк, які з’яўляўся да нядаўняга міністрам прамысловасці і якому не пашанцавала патрапіць пад гарачую руку саміведаецекаго. Падчас разносу ўраду саміведаецекім Віталя Міхайлавіча абвінавацілі ў пафігізме і адправілі ў адстаўку за неналежнае выкананне абавязкаў. А ў прыватнасці за тое, што ён праваліў развіццё Аршанскага раёна. Дык вось, інфармацыі, што экс-міністр Воўк збег у Польшчу пакуль няма. Гаворка ідзе пра самага звычайнага шэрага ваўка з сямейства сабачых.

Воўк-адзінец жыў першапачаткова ў Беларусі. У 2017 годзе яго нават пазначылі ашыйнікам з перадатчыкам, каб адсочваць ягонае перамяшчанне. Драпежнік хадзіў сабе па Белавежскай пушчы, а потым вырашыў усё ж такі сысці з радзімы. Дзеля гэтага ён нават пераплыў раку Нараў і прабег 50 кіламетраў. Пасля чаго воўк апынуўся ў Польшчы. Там, як падазраюць навукоўцы, воўк перастаў быць адзінцом і стварыў сям’ю. Цяпер беларускі воўк жыве ў Польшчы на паўдарозе да Варшавы. А ўлічваючы, што ў Польшчы забароненае паляванне на ваўкоў, то за мяжой яму дакладна будзе лепей. Вось так з цяперашняй Беларусі ўцякаюць нават ваўкі. Нават ім там, за мяжой, жывецца лепей. Хаця, як пажартавалі інтэрнаўты, можа, воўк не ўцёк, можа, ён карту паляка атрымаў. У любым выпадку, калі ўжо ваўкі бягуць з Беларусі, то што рабіць звычайным людзям?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ