Павел Белавус: Пра помнік Гедыміну казалі з канца 80-х



Сталі вядомыя тэрміны, калі ў Лідзе з’явіцца помнік князю Гедыміну. Да лета наступнага года гарадскія ўлады плануюць усталяваць гэты помнік каля сценаў Лідскага замка.

Як адзначыў у размове з Антонам Разумоўскім адзін з актывістаў, якія падтрымліваюць ініцыятыву мясцовых уладаў, Павел Белавус, пройдзеныя этапы ўзгаднення ў Адміністрацыі прэзідэнта і Рэспубліканскім саветам, засталося толькі сабраць неабходныя сродкі:

– Я сам родам з Ліды, таму мне вось гэтая справа і цікава, у першую чаргу таму, што я яшчэ са школьных гадоў памятаю размовы пра тое, што трэба паставіць вялікі, прыгожы, менавіта конны помнік Гедыміну. Сапраўды, гэтыя размовы ўжо ідуць гадоў 20-ць. Некаторыя знаёмыя казалі, што наогул напрыканцы 80-х пра гэта пачалі гаварыць. Былі толькі размовы, памятаю былі гісторыі, што ў мясцовым музеі выстаўлялі варыянт помніка, але па выніку да канкрэтнай справы ніколі не даходзіла. У мінулым годзе прыканцы года з ініцыятывы Лідскага гарвыканкама быў абвешчаны конкурс на стварэнне эскіза помніка. На яго прыйшло 28 эскізаў, якія былі выстаўлены ў Лідскім замку, і ўсе наведнікі Лідскага замка, гэтай выставы, галасавалі за той эскіз, які ім больш спадабаўся.

РР: Як у выніку будзе выглядаць гэты помнік??

– У выніку перамагла праца двух скульптараў – Вольгі Нячай і Сяргея Аганава. Самае цікавае, што Сяргей Аганаў сам родам з Ліды, таму для яго гэта важная справа. Я магу сказаць, што гэтыя людзі даволі вядомыя спецыялісты, і не адзін помнік у Беларусі, менавіта аўтарства Аганава ўжо стаіць, менавіта яны спецыялізуюцца на конных помніках, на помніках звязаных з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага. Як мне распавядаў сам скульптар, вельмі шмат яны праводзілі кансультацый па гэтаму помніку са спецыялістамі, каб даць яму менавіта гістарычную дасканаласць. Зразумела, што ніхто не ведае, як сапраўды выглядаў Гедымін, але прынамсі з тых крыніц, якія ёсць, яны паспрабавалі стварыць такі найбольш падобны вобраз. Якія прайшлі этапы. У мінулым месяцы было прынята рашэнне Адміністрацыі прэзідэнта, асабіста прэзідэнта, то бок атрыманы дазвол на ўсталёўку гэтага помніка. Пасля адбылося пасяджэнне, ёсць у Беларусі такая структура, як Рэспубліканскі мастацка-манументальны савет. Таксама некаторыя карэкціроўкі прапанаваў, і пасля зацвярджэння гэтым саветам далей, скульптары пачалі вырабляць рабочую мадэль помніка ў памеры 1:4. Ужо гэтая рабочая мадэль будзе зроблена ў верасні, і на аснове яе ўжо „Скульптурны камбінат” будзе вырабляць непасрэдна сам помнік.

РР: Колькі грошай трэба сабраць?

– Мы прапаноўвалі кіраўніцтву горада дадаткова да таго збора, які арганізаваны ў Лідзе, створаны адмысловы рахунак у „Беларусбанку”, куды кожны жадаючы можа ахвяраваць абсалютна любую спонсарскую падтрымку. Мы прапанавалі гораду запусціць дадаткова краўдфандзінг на пляцоўцы „Талака”, які будзе распавядаць людзям пра гэтую ініцыятыву і можа быць дапаможа сабраць дадатковыя сродкі. Спачатку ідэю яны падтрымалі, цяпер яны палічылі бюджэт, і на сёння адчуваюць, што ў прынцыпе тыя намаганні, і тую працу па пошуку сродкаў, якія яны праводзяць, бо помнік не фінансуецца з бюджэта, гэта пазабюджэтныя сродкі. Яны ў прынцыпе без краўдфандзінгу змогуць гэтыя выдаткі закрыць. Наколькі я разумею, у тым ліку падцягнуць можа быць і адміністрацыйным рэсурсам мясцовыя прадпрыемствы і т. д. Я ведаю, што ўжо і восенню адбываліся суботнікі гарадскія, прыбытак ад суботнікаў быў пералічаны на працы па гэтаму помніку. Наколькі мне вядома, у планах горада, каб ужо да наступнага лета ўрачыста адкрыць гэты помнік. Больш падрабязна на нашым сайце Symbal.by, выйшла публікацыя: „10 фактаў пра лідскі помнік”, там больш падрабязна і пра помнік, і выявы помніка, там можна пачытаць. Плюс яшчэ, дадам, мы запусцілі перадзамову на адмысловы прынт, які мы распрацавалі да гэтай нагоды. Гэта будуць цішоткі з аўтарскім дызайнам мастака Макса Пякарскага. У бліжэйшыя дні ён з’явіцца і мы хочам яго прэзентаваць на фестывалі Lidbeer у Лідзе, які адбудзецца 8-га верасня.

Помнік заснавальніку замка і горада плануюць усталяваць побач з паўночнай сцяной Лідскага замка. Гедымін будзе сядзець на кані ў княскім убранні, трымаючы руку на мячы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя