Прадпрыемствы „Белнафтахіма” павялічылі экспарт тавараў амаль на траціну



Прадпрыемствы „Белнафтахіма” за першае паўгоддзе павялічылі экспарт тавараў на 25,8% да студзеня—чэрвеня 2017 года. Як паведаміла прэс-служба канцэрна, пра гэта было заяўлена 22 жніўня на пасяджэнні савета ведамства. Пры гэтым экспарт паслуг вырас на 9,2%.

Павялічаны фізічныя аб’ёмы экспарту па такіх таварных пазіцыях, як нафтапрадукты (на 7,9%), фталевы ангідрыд (у 2,4 разу), шкловалакно (на 12,3%), поліэтылен (на 19,1%), хімічныя ніткі, валокны і жгут (на 5,8%), поліаміды (на 10,5%), вугляродныя матэрыялы (на 5,9%), шыны (на 9,7%), алкідныя смолы (на 7,1%), метанол (у 3,6 разу), лакафарбавыя матэрыялы (у 1,7 разу).

Выкананне паказчыка па экспарце паслуг, паведамляе прэс-служба, забяспечана ў асноўным за кошт паслуг у галіне геолагаразведкі і здабычы нафты, а таксама паслуг па транспарціроўцы нафты.

У канцэрне адзначаюць, што па выніках яго працы за студзень—чэрвень 2018 года тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах склаў 135,6%, індэкс прамысловай вытворчасці ў супастаўных цэнах — 104,2%. „Вытворчыя магутнасці арганізацый канцэрна маюць аптымальную загрузку, якая забяспечвае найбольш эфектыўную гаспадарчую дзейнасць”, — адзначыла прэс-служба.

Запасы гатовай прадукцыі па канцэрне на 1 ліпеня склалі 10,8% да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці. За другі квартал 2018 года забяспечана зніжэнне ўзроўню запасаў гатовай прадукцыі на 1 працэнтны пункт.

Удзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме адгружанай прадукцыі склала 49,2%. Арганізацыямі канцэрна выкарыстана 704,5 млн рублёў інвестыцый у асноўны капітал, што склала 108,6% да ўзроўню аналагічнага перыяду 2017 года.

Як адзначыла прэс-служба, кіраўнікам шэрагу арганізацый канцэрна рашэннем савета даручана прыняць дадатковыя меры па нарошчванні загрузкі вытворчых магутнасцяў. Яшчэ раз акцэнтавана ўвага на неабходнасці забяспечыць „належны кантроль за ходам правядзення будаўнічых работ і своечасовы ўвод у эксплуатацыю інвестыцыйных аб’ектаў, у тым ліку прынукаць генпадрадчыкаў да нарошчвання штомесячнага асваення сродкаў”. У рамках разгляду пытання аб павелічэнні выпуску навукаёмістай высокатэхналагічнай прадукцыі, павышэнні якасці выпусканай прадукцыі арганізацыям даручана прадставіць у канцэрн праграмы па даследаваннях і распрацоўцы новых прадуктаў, паслуг і метадаў іх вытворчасці, новых вытворчых працэсаў.

БелаПАН