Павел Севярынец: Гэта класічнае адцягненне ўвагі
«Спектаклем і відовішчам для насельніцтва» называе сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец нашумелую карупцыйную «справу медыкаў».
«Цар даў загад і КДБ пакараў баяраў, паказаў, што змагаецца з карупцыяй», – адзначае палітык.
– Гэта класічнае адцягненне ўвагі. Лукашэнка б’е па медыках і той сістэме, якую фактычна сам ствараў. За 24 гады Лукашэнка стварыў такую сістэму аховы здароўя, такую сістэму дзяржаўных закупак, тэндэраў, такую сістэму падпарадкавання, якая ў нас зараз ёсць. І зараз пачынаюцца крыкі пра тое: ага, крадуць, ніхто не ведаў, а там мільёны даляраў. Гэта ўсё спектакль, які мы назіраем час ад часу з той ці іншай катэгорыяў дзяржаўных службоўцаў, каб іншым было страшна, каб іншыя падпарадкоўваліся, баяліся.
Напярэдадні ў Беларусі сталі вядомыя першыя прысуды удзельнікам карупцыйнай схемы ў сферы Міністэрства здароўя. Загадчыца клініка-дыягнастычнай лабараторыі 9-га гарадскога клінічнага шпіталя Менска асуджаная да 3 гадоў і 6 месяцаў калоніі. Раней намесніку галоўнага лекара Менскага абласнога дзіцячага клінічнага шпіталі да шасці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці. Абодвум асуджаным таксама забаронена займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на пяць гадоў. Прысуды ў законную сілы не ўступілі і могуць быць абскарджаны і апратэставаны.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя