Мянчук выкраў з заплечніка іспанца 50 тысяч еўра



Менчуку выстаўленае абвінавачанне ў крадзяжы 50 тыс. еўра ў грамадзяніна Іспаніі, паведамляе Следчы камітэт.

Паводле інфармацыі следчых, 16 жніўня жыхар Іспаніі з заплечнікам на спіне перасякаў праспект Машэрава ў Менску па пешаходным пераходзе. У гэты момант ззаду да яго наблізіўся мужчына, які заўважыў, што заплечнік прыадчынены і ў ім ляжаць купюры. Ён акуратна дастаў грошы з заплечніка і пайшоў. Праз некалькі хвілін іншаземец выявіў, што ў яго выкралі 50 тыс. еўра.

Падазроны быў усталяваны — гэта 34-гадовы мянчук, які раней неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзяжы. Па месцы яго жыхарства ў тайніку былі знойдзеныя выкрадзеныя грошы, з якіх ён паспеў зрасходаваць толькі 200 еўра.

Мужчыну выстаўленае абвінавачанне ў крадзяжы, учыненым у асабліва буйным памеры. Расследаванне працягваецца.

belapan.by