3 снежня – Міжнародны дзень інвалідаў



У Беларусі праходзяць мерапрыемствы з нагоды Міжнароднага дня інвалідаў.

Па дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў краіне пражывае паўмільёна грамадзян з абмежаванымі магчымасцямі і штогод гэтая лічба папаўняецца 2 тысячамі беларусаў.

Мэта Міжнароднага дня інвалідаў – звярнуць увагу грамадства на праблемы інвалідаў і спрыяць іх вырашэнню.

Па словах старшыні Пінскай арганізацыі інвалідаў-вазочнікаў Алены Макарчук, у асноўным праблемы паўстаюць у рэалізацыі праграмы безбар’ернага асяроддзя:

– Справа ў тым, што вырашаюцца толькі індывідуальныя праблемы, напрыклад, калі чалавек адзін звяртаецца, каб яму зрабілі пандус, яму гэты пандус робіцца. Як такой сістэмы па стварэнні пандусаў няма, то бок мы яшчэ не дасягаем той пазітыўнай, высокай планкі, каб усё было добра, а трэба працаваць над іншымі праблемамі.

Яшчэ да Дэкларацыі Генеральнай Рады ААН, Вярхоўны Савет Беларусі ад 11 лістапада 1991 года, прыняў закон у якім адзначана, што чалавек з абмежаванымі магчымасцямі ў Беларусі мае роўныя правы з усім грамадствам, а ягоная знявага забараняецца і караецца законам.

Беларускае Радыё Рацыя