Слонімцы патрабуюць добрых вуліц



Прадстаўнікі Слонімскага грамадскага аб’яднання ўстойлівага развіцця “Мінолс” разам з прадстаўнікамі іншых арганізацыяў правялі ў Слоніме кампанію па зборы подпісаў за рамонт вуліц і дарог на тэрыторыі Слонімскага раёна.

Найперш слонімцы просяць ад уладаў пакласці асфальт на ўчастку дарогі на завулку Пятралевіцкаму ад мікрараёна Лабазоўка да вёскі Пятралевічы-1 і на ўчастку дарогі, выезд якога пачынаецца з вуліцы Зарэчнай у кірунку вёскі Пятралевічы-2. Пад зваротам сабрана каля 150 подпісаў грамадзян.

У пісьмовым звароце паведамляецца, што на працягу многіх гадоў людзі ездзяць і ходзяць па дрэннай пясчана-гравійнай дарозе, якая складаецца з суцэльных ямаў і выбоін, на якой адсутнічаюць тратуар, пешаходная і веласіпедная дарожкі, што не адпавядае нарматыўным патрабаванням. Слонімцы пытаюцца, чаму карыстальнікі аўтамабільных дарог павінны плаціць транспартны падатак і ездзіць па дрэннай пясчана-гравійнай дарозе, якая нагадвае больш пральную дошку, чым дарогу.

Пісьмовыя звароты з подпісамі слонімцаў накіраваны ў Слонімскі райвыканкам, мясцовы райсавет і Гарадзенскі аблвыканкам. Жыхары Слоніма спадзяюцца, што ўлады прыслухаюцца да іх просьбы і правядуць неабходныя будаўнічыя працы.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён