Затрыманых каля Дома правасуддзя актывістаў завязлі ў ІЧУ на Акрэсціна
Затрыманых 24 жніўня ля Дома правасуддзя ў Менску актывістаў павязуць у ІЧУ на Акрэсціна, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
Пасля абвяшчэння прысуду па справе лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка каля Дома правасуддзя, дзе праходзіў працэс, грамадскія актывісты правялі пікет у падтрымку незалежнага прафсаюза. Яны разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі прафсаюза РЭП і „Еўрапейскай Беларусі”. Прыкладна праз 10 хвілін да іх пад`ехаў чырвоны аўтобус з супрацоўнікамі АМАП, якія затрымалі актыўных удзельнікаў пікета.
Паводле звестак праваабаронцаў, затрыманыя 11 чалавек: Алесь Абрамовіч (Барысаў), Вольга Нікалайчык, Леанід Кулакоў, Мая Навумава, Уладзімір Неўмяржыцкі, Павел Мрочка (Берасце), Аляксандр Чмыхаў (Бабруйск), Максім Вінярскі, Мікалай Статкевіч, Тамара Зайцава (Калінкавічы), Андрэй Хранкоў. Усіх даставілі ва УУС Маскоўскага раёна Менска.
Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, у мужчын у РУУС забралі шнуркі, а адзін з супрацоўнікаў упраўлення паведаміў, што ўсіх затрыманых „афармляюць на суткі” і чакаць іх сёння не мае сэнсу. Верагодна, у панядзелак, 27 жніўня, адбудуцца суды.
belapan.by