Апазіцыя мае намер правесці серыю акцый у абарону незалежных СМІ і прафсаюзаў
Прадстаўнікі апазіцыі маюць намер у верасні правесці серыю вулічных акцый у абарону незалежных СМІ і прафсаюзаў, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску 24 жніўня старшыня руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч.
У прыватнасці ў панядзелак, 27 жніўня, плануецца падаць заяўку ў Мінгарвыканкам на правядзенне шэсця і мітынгу.
Прадстаўнікі апазіцыйных партый і арганізацый таксама заявілі пра намер правесці ў кастрычніку „форум нацыянальнай салідарнасці ў галіне законнасці і свабоды ў Беларусі”.
„Найбліжэйшым часам будзе створаны аргкамітэт. На працягу месяца мы пастараемся арганізаваць гэты форум і запрасіць да ўдзелу грамадскія арганізацыі рознага спектру”, — заявіў намеснік старшыні Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук.
Сем апазіцыйных палітычных партый і арганізацый 24 жніўня прынялі заяву „Аб нацыянальнай салідарнасці ў абарону свабоды і законнасці ў Беларусі”, у якой патрабуюць ад уладаў спыніць палітыку рэпрэсій і націску на СМІ і прафсаюзы.
Заяву падпісалі кіраўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі „Зялёныя”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Партыі БНФ, руху „За Свабоду” і прафсаюза РЭП.
У дакуменце гаворыцца, што беларускія ўлады „мэтанакіравана і няспынна знішчаюць палітычную апазіцыю і грамадзянскую супольнасць”. „Пасля знішчэння незалежнай сацыялогіі дзяржава спрабуе запалохаць, разбурыць і ўзяць пад свой кантроль незалежныя медыя, расправіцца з незалежнымі прафсаюзамі, не даць магчымасць з’явіцца новым лідарам”, — лічаць аўтары заявы.
belapan.by