Марыў Слонім зрабіць еўрапеўскім горадам



25 жніўня слонімскаму скульптару Леаніду Богдану споўнілася б 65 гадоў.

У апошні дзень красавіка 2017 года трагічна загінуў адзін з таленавітых людзей Слоніма – Леанід Богдан, якому ад нараджэння Бог надарыў яго талентам мастака. Загінуў ён трагічна, ад рук роднага ўнука. Гэта трагедыя шакіравала ўсю Беларусь…

У школе Лёня быў звычайным хлопчыкам, нават трохі сарамлівым. Але, калі пачынаў нешта рабіць – майстраваць ці маляваць – то атрымлівалася лепш за ўсіх школьнікаў і нават настаўнікаў.

Праўда, пасля школы лёс яго закінуў не ў мастацкае вучылішча, а ў чыгуначны тэхнікум. Аднак жаданай рамантыкі ў тэхнікуме і на чыгунцы ён не знайшоў. Таму хутка паступіў у Маскоўскі завочны народны універсітэт мастацтваў. Вучыўся на факультэце жывапісу і графікі. Вучоба падабалася і Леанід шмат даведаўся новага і цікавага пра скульптуру. Таму пасля сесій і працы, з радасцю браўся за гліну і пластылін, з якіх ён ляпіў знаёмых сяброў і суседзяў.

Калі скончыў універсітэт, Леанід нікуды не паехаў, а назаўсёды свой лёс звязаў з родным Слонімам, які вельмі моцна любіў і хацеў, каб ягоны горад над Шчарай быў самым прыгожым у Беларусі, і каб яго штогод наведвалі тысячы турыстаў з усіх краін свету, каб гэта быў сапраўдны еўрапейскі горад.

 У 1970-х-1980-х гадах Леанід Богдан працаваў у Слоніме на розных работах, але найбольш падабалася мастаком-афарміцелям у кінатэатры “Мір”. Ён не толькі выконваў мастацкія працы ў кінатэатры, але сур’ёзна захапіўся скульптурай, а потым – і гісторыяй роднага краю, біяграфіяй яго знакамітых людзей. Ён стаў шмат чытаць, знаходзіць матэрыялы па гісторыі Слонімшчыны, Беларусі, па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. І вядома ж, ствараць партрэты знакамітых людзей.

Першымі яго самастойнымі бюстамі былі партрэты касманаўта Юрыя Гагарына і паэта Валянціна Таўлая. Калі працаваў над бюстам Валянціна Таўлая – шмат перачытаў літаратуры пра яго, вершаў паэта. Нават кансультаваўся ў слонімскага пісьменніка Анатоля Іверса (Івана Міско), які некалі сябраваў з Таўлаем. Менавіта ад Анатоля Іверса Леанід даведаўся і пра гісторыю Слонімшчыны, пра дзейнасць у першай палове ХХ стагоддзя Беларускай сялянска-работніцкай Грамады. Зрабіў у 1987 годзе і выдатны бюст паэта Анатоля Іверса.

А потым слонімскі мастак зацікавіўся творчасцю Адама Міцкевіча. Перачытаў яго паэмы. А адна – “Гражына” – проста зачаравала скульптара. Пасля гэтага Леанід стварае скульптурны вобраз Гражыны – наваградскай князёўны. Лічу, гэта адна з найвыдатнейшых ягоных прац.

Дзесьці ў канцы 1980-х гадоў я і пазнаёміўся з Леанідам. Памятаю, быў час, калі ён на Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыцы так прыгожа аформіў дыскатэку, што гэта была адна з найлепшых дыскатэк па тым часе. А, напрыклад, у Слонімскім гарбыткамбінаце ён зрабіў цудоўны тэнісны корт. Ды і сам час ад часу любіў пагуляць у тэніс. 

І ўсё ж мастацтва і скульптура ў ім проста жылі і перамагалі. Леанід стварае бюсты сваіх сяброў, пісьменнікаў, дзеячаў грамадскага руху 1920-х-1930-х гадоў. Ён вылівае іх з гіпсу і дорыць бясплатна не толькі сябрам і знаёмым, але і школам, бібліятэкам, музеям. Нават зрабіў мой бюст у 1999 годзе. Адзін асобнік падараваў мне, ён знаходзіцца ў маіх хатнім кабінеце.

Шчыра сябраваў Леанід Богдан з нашым земляком доктарам філалагічных навук, прафесарам Алегам Лойкам. І яго бюст таксама зрабіў.

Ён стварыў вялікі герб Слоніма. І дзесяткі маленькіх. Марыў вялікі герб Слоніма паставіць у цэнтры горада.

Леанід Богдан быў, як кажуць, майстрам на ўсе рукі. Сотні разоў бываючы ў яго майстэрні, я здзіўляўся яго апантанасці, майстэрству, фантазіі. Лёня быў сціплым чалавекам, не кожнаму ён мог расказаць пра свае творчыя планы, а тым больш паказаць, як ён працуе, шліфуе, перарабляе. З ім трэба было сябраваць доўга і шчыра, бо толькі тады ён мог па-сяброўску распавесці пра свае творчыя задумкі.  

У яго майстэрні заўсёды ішоў творчы працэс. Шмат часу ён аддаў, працуючы над помнікам Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Лёня мне казаў, што ён мяркуе гэты помнік ўсталяваць у Слоніме ў цэнтры горада каля музея замест бюста арла, які там стаіць, бо той арол зусім не пасуе. На спецыяльным пастаменце, распавядаў Леанід, будзе ляжаць сам вялікі Статут. На Статуце –  адціснутая далонь. Кожны слонімец ці госць горада зможа падыйсці да гэтага помніка-кніжкі, прачытаць яе і даведацца, што гэта Статут Вялікага Княства Літоўскага, гэта значыць – звод законаў нашай дзяржавы, помнік беларускай пісьменнасці, мовы і юрыдычнай думкі, і прыкладзе ў адціснутую далонь сваю, нібыта зложыць клятву перад Статутам у любові да сваёй Бацькаўшчыны.

Гэта дзякуючы Леаніду Богдану мы маем у Слоніме мемарыяльную шыльду, прысвечаную заснавальніку Слонімскага краязнаўчага музея Язэпу Стаброўскаму, якая прымацавана на будынку музея. Гэта Леанід зрабіў шыльду піянеру-герою Васі Крайняму. І яго заслуга ў тым, што ён стварыў і прымацаваў на будынку Слонімскага драмтэатра шыльду, прысвечаную Міхалу Казіміру Агінскаму (1730-1800)  – пачынальніку тэатральнага мастацтва на Слонімшчыне. І ўсё гэта Леанід Богдан зрабіў бясплатна і падараваў Слоніму.

Незадоўга да смерці Леанід паклікаў мяне ў майстэрню і паказаў сваю новую працу, прысвечаную Агінскім. Я ўбачыў на барэльефе адлюстраваны слонімскі староста Міхал Казімір Агінскі, які сядзіць за піяніна, а побач стаіць яго пляменнік Міхал Клеафас Агінскі са скрыпкай, аўтар шматлікіх паланэзаў, у тым ліку і паланэз ля мінор «Развітанне з Радзімай». На крышцы піяніна напісаныя словы: «Слонім. Агінскія. Паланэз». А воддаль, нібы праз вакно, віднее стары Слонім з ягонымі архітэктурнымі храмамі XVIII—XIX cтагоддзяў. Цудоўная задума і твор скульптара – яшчэ адзін помнік славутым Агінскім, лёс якіх быў звязаны і са старажытным горадам над Шчарай.

На вуліцы Савецкай у Слоніме захаваўся будынак другой паловы XVIII стагоддзя, пабудаваны архітэктарам Боем, які ён праектаваў пры палацы Міхала Казіміра Агінскага. Пры палацы Агінскага ў гэтым будынку была аўстэрыя (заезны дом). Ён сёння нагадвае слонімцам і гасцям горада пра Міхала Казіміра Агінскага. Некалі свой Слонім Агінскі ператварыў у “сядзібу музаў”, вядомую ва ўсёй Еўропе, але сёння амаль забытую ў Беларусі. Слонімскі скульптар Леанід Богдан стварыў бюст Міхала Казіміра Агінскага. Ён марыў яго ў спецыяльнай арцы прымацаваць на былой аўстэрыі Агінскага. Каб слонімцам і гасцям горада над Шчарай было бачна, хто з’яўляўся некалі яго гаспадаром. 

На вуліцы Опернай у Слоніме быў пастаўлены вялікі валун. На ім выбіты тэкст: “Замчышча і гады: XI-XVIII ст.ст.”. Гэта таксама работа Леаніда Богдана. Дарэчы Слонімскі замак (замчышча) — назва старажытнага цэнтра Слоніма, а таксама шэрагу палаца-паркавых комплексаў пабудаваных на яго месцы ў ХІ – XVIII стагоддзях. Спачатку быў пабудаваны драўляны астрог, потым дзядзінец, а пазней – драўляны замак на высокім насыпе з падпорнай сценкай з вялікіх камянёў, які быў разбураны пасля 1506 года. У 1520 годзе перабудаваны ў невялікі драўляны палац з залай пасяджэнняў, дзе ў другой палове XVII стагоддзя адбываліся генеральныя сеймікі. Палац быў абнесены драўлянымі гароднямі з вежамі. Цяпер пра замчышча ў Слоніме будзе нагадваць вялікі валун. Гэты самы валун слонімцам будзе нагадваць і пра скульптара Леаніда Богдана.

Адной з апошняй нашай сумеснай паездкай на аўтамабілі Леаніда была вандроўка ў вёску Орлавічы на магілу Стаброўскіх. Адзін з іх – Язэп Стаброўскі быў заснавальнікам Слонімскага краязнаўчага музея. З намі разам паехалі яшчэ мастак  Яўген Іваноў і грамадская актывістка Леанарда Рэўкоўская. Мы прыбралі магілы, запалілі запальнічкі, а Леанід, гледзячы на драўляныя крыжы, маўчаў. Ён глыбока нешта думаў, а потым сказаў: “Нельга, каб былі такія магілы Стаброўскіх. Іх трэба добраўпарадкаваць і паставіць сучасныя помнікі. Я зраблю іх праекты, а пасля будзем усе разам думаць пра помнікі. Ды і дарога сюды павінна быць вартая, дарога да Стаброўскіх”. Мы – пагадзіліся. А па дарозе ў Слонім Леанід распавядаў пра свае новыя планы, найперш звязаныя з каналам Агінскім і з праектам па добраўпарадкаванню канала, удзел у якім ён ужо актыўна прымаў. Але трагічны лёс ўсе яго планы раптоўна перакрыжаваў. А яму ж сёлета 25 жніўня споўнілася б толькі 65 гадоў. 

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара