У ДТЗ пацярпела амаль на 80% дзяцей больш, чым годам раней
За сем месяцаў гэтага года ў Менску зарэгістравана 31 дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам дзяцей, паведамляе УДАІ Мінгарвыканкама.
У выніку ДТЗ былі траўмаваныя 32 дзіцяці, што на 77,8% больш, чым у аналагічным перыядзе 2017 года. 64,5% пацярпелых дзяцей — пешаходы, 22,6% — пасажыры, 12,9% — веласіпедысты.
У 10 ДТЗ з удзелам непаўналетніх устаноўленая віна дзяцей, у 21 здарэнні — віна дарослых.
Дзяржаўтаінспекцыя адзначае, што ў мэтах павышэння бяспекі дарожнага руху ў Менску з пачатку года пабудавана пяць святлафораў: вул. Глебкі — рэстаран „МакДональдс”, вул. Рагачоўская — вул. Праектаваная № 5, вул. Старынаўская — вул. Паштовая, вул. Старынаўская — вул. Нікіфарава, вул. Старынаўская — вул. Скарыны. Штучныя няроўнасці з абмежаваннем хуткаснага рэжыму да 40 км/гадз на праезнай частцы ўстаноўленыя ў 27 месцах сталіцы. Акрамя таго, устаноўлена больш за 5.500 метраў і падрыхтаваны прапановы на ўстаноўку больш за 3.000 метраў абмежавальных пешаходных агароджаў.
Устаноўлены інфармацыйныя шчыты „Увага —дзеці”, „Школа”. Інспектары ДАІ будуць дзяжурыць паблізу навучальных устаноў, кантраляваць бяспечную перавозку непаўналетніх пасажыраў, а таксама эвакуяваць аўтамабілі, прыпаркаваныя з парушэннем правілаў дарожнага руху каля школ і дзіцячых садкоў.
З 25 жніўня па 5 верасня ў краіне будзе праводзіцца спецыяльнае мерапрыемства „Увага — дзеці!”. У гэты час вадзіцелі ў светлы час сутак павінны рухацца з уключаным блізкім святлом фар або дзённымі хадавымі агнямі.
belapan.by