„Беларуськалій” пачаў сумеснае з кітайскімі партнёрамі будаўніцтва новага завода
На ААТ „Беларуськалій” 24 жніўня дадзены старт будаўніцтву завода па вытворчасці нітрату калію, паведамілі ў праграме Навіны „24 гадзіны” на СТВ.
Праект рэалізуюць сумесна з кітайскімі партнёрамі. Тэхналогіі, якія будуць укаранёны на вытворчасці, дазволяць вырабляць калійнае ўгнаенне, яке амаль не ўтрымлівае хларыдаў. Вобласць прымянення шырокая — ад сельскай гаспадаркі да лёгкай прамысловасці. Прадукцыю будуць пастаўляць на экспарт у краіны ЕС, Турцыю і Расею.
„Ёсць запатрабаванасць у калійных угнаеннях у іншых краінах. Гэта Бразілія, Індыя, Паўднёва-Усходняя Азія. Далей намі таксама будзе разгледжана магчымасць — для гэтага прадугледжаны пляцоўкі — дабаўляць ва ўгнаенні фосфар. Магчыма, таксама будзе дадатковы цэх пабудаваны”, — сказаў генеральны дырэктар ААТ „Беларуськалій” Іван Галаваты.
Раней паведамлялася, што будаўніцтва завода па вытворчасці нітрату калію на прамысловай пляцоўцы 4-га рудаўпраўлення ААТ „Беларуськалій” на тэрыторыі Любанскага раёна будзе ісці ў 2018—2019 гадах. Інвестпраект рэалізуюць „Беларуськалій” і „Белкалій-Мігао” (створана з удзелам кітайскага вытворцы калійных угнаенняў Migao Corporation).
У Салігорску 24 жніўня таксама прэзентавалі новую ўстаноўку для крышталізацыі калію. Яна працуе на 4-м рудаўпраўленні „Беларуськалія”. Абсталяванне дазволіла павялічыць прадукцыйнасць на 30% і паменшыць сабекошт прадукцыі. Спецыялісты прадпрыемства атрымалі першы канцэнтрат, які экспартуюць у пяць краін.
Калійныя ўгнаенні — адзін з асноўных экспартных тавараў Беларусі. Паводле афіцыйных статыстычных даных, у вартасным выражэнні экспарт хлоркалію ў студзені—чэрвені 2018 года склаў 1,43 млрд долараў і павялічыўся на 14,1% у параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года.
На кітайскі рынак у першым паўгоддзі было пастаўлена калійных угнаенняў на 161 млн долараў (на 23,1% больш у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам).
belapan.by