Беларусь наведае еўракамісар па пытаннях аховы здароўя



Візіт еўракамісара па пытаннях аховы здароўя і бяспекі харчовых прадуктаў Віняціса Андрукайціса ў Менск адбудзецца 27 жніўня.

Як паведамляе прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі, еўракамісар сустрэнецца з намеснікам прэм’ер-міністра Міхаілам Русым, а таксама з намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, дырэктарам дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Іванам Смільгінем, міністрам аховы здароўя Валерыем Малашкам і намеснікам міністра замежных спраў Алегам Краўчанкам.

„Я з нецярпеннем чакаю плённых дыскусій з нашымі беларускімі калегамі, у тым ліку па пытаннях хвароб жывёл, уключаючы афрыканскую чуму свіней, двухбаковага доступу да рынкаў, супрацьмікробнай рэзістэнтнасці, вакцынацыі і неінфекцыйных захворванняў”, — заявіў Андрукайціс напярэдадні візіту.

28 жніўня еўракамісар азнаёміцца з ходам рэалізацыі праекта, які ажыццяўляецца ў Наваградку пры фінансавай падтрымцы Еўразвяза, а таксама наведае Літоўскі цэнтр адукацыі, культуры і інфармацыі ў Рымдзюнах (Астравецкі раён).

БелаПАН

Фота: smf.vdu.lt