Мінлясгас: Пажар на Альманскіх балотах цалкам лакалізаваны



Буйное ўзгаранне на балоцістай мясцовасці паблізу вёскі Альманы Столінскага раёна цалкам лакалізаванае, паведамляе прэс-служба Мінлясгаса Беларусі.

На тушэнні пажару былі задзейнічаныя больш за сотню работнікаў дзяржаўнай лясной аховы, некалькі адзінак гусенічных балатаходаў, а таксама авіяцыя МНС.

Узгаранне было выяўленае 24 жніўня дырэктарам Палескага лясгаса падчас патрулявання мясцовасці. Адразу ж пасля гэтага работнікі дзяржаўнай лясной аховы пачалі ліквідацыю ачага. Аперацыяй асабіста кіраваў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, які неадкладна выехаў на месца здарэння, паведамляе прэс-служба ведамства.

25 жніўня на дапамогу лесаводам прыйшла авіяцыя МНС. Пры гэтым работа па лакалізацыі ўзгарання ўскладнялася ўмовамі надвор’я: засухай і моцным ветрам.

Як паведамлялася раней, верагоднай прычынай пажару стала парушэнне правілаў пажарнай бяспекі. Гэтая мясцовасць карыстаецца папулярнасцю сярод ягаднікаў, крыніцай пажару магла стаць непагашаная цыгарэта.

На гэты момант работнікі дзяржаўнай лясной аховы вызначаюць плошчу, пройдзеную агнём, падлічваюць шкоду.  БелаПАН